Мертвым не балиць, частка 2

  Эх, Юрка, Юрка! Ты – самы вялікі мой боль у жыцці. Ты – незагойная мая рана. Іншыя ўсе ўжо даўно пазагойваліся, а ты муляеш, крываточыш і баліш, мабыць, таму, што ты – рана ў сэрцы. Сумленне маё падрэзана тваёй пагібеллю, ад якой я не магу ачуняць дваццаць гадоў.

  Так, я вінаваты таксама. Вінаваты перад табой і перад тваёй маці, за якую ты найбольш непакоіўся пры жыцці. Я не забыўся на яе адрас. Але што я мог напісаць ёй? Каюся, я доўга вагаўся і Недзе гады праз два пасля вайны паслаў ёй паштоўку з паведамленнем, што ты без вестак прапаў пад Кіраваградам. Гэта была маленькая хітрасць, якая мне памагла зрабіць выбар, каб зрабіць як найлепш. Я ведаў тваю маці з яе пісьмаў да цябе, кожнае з якіх было на чатырох лістах пад нумарамі. Я не забыўся, як непакоілася яна пра цябе, пра тваё жыццё. Але я памятаю таксама, што яна ніколі не прасіла цябе, як іншыя, што б там ні стала зберагчы жыццё. Яна заклікала цябе, калі прыйдзе апошні той час, не забыцца, што ты савецкі афіцэр і камсамолец і зрабіць так, як патрабуе ад цябе твой абавязак. На іншае яна не магла пагадзіцца.

  I неўзабаве я атрымаў ад яе адказ. Невялікі ліст, некалькі скупых слоў святой мацярынскай хлусні. Не без гонару пісала яна, што ты па-геройску загінуў у няроўным баі.

  Ці мог я пасля гэтага паведаміць ёй усю праўду аб тваёй пагібелі?

  Што ж, я вінюся перад табой і каюся. Але мы разумнеем з гадамі, а ваяваць нам давялося зялёнымі хлопцамі. Цяпер бы я не зрабіў так. Я б пастараўся не аддаліцца ад цябе, як гэта здарылася ў той дамоўцы на кіраваградскім пераездзе. Цяпер я разумею, што ў адносінах да цябе, параненага, паставіўся амаль па-здрадніцку. Трэба было мне не адыходзіць ад цябе да канца. Мабыць, я раней зразумеў бы тваю роспач, і яна б не абарвалася тым недарэчным стрэлам, на які падбухторыў цябе Сахно. Але тады я быў не цяперашні і на некалькі гадзін сапраўды занядбаў цябе, адзінокага ў сваёй знямогласці.

  

  

  Адчуванне маё то праясняецца, то знікае ў млосных правалах свядомасці. У галаве ўсё кружыцца, плыве і гойдаецца. Аднак я разумею, што мяне валакуць наўскасяк па адхоне ўгару. Пасля мая здаровая нага балюча выцінаецца аб рэйку. Я кранаюся ёй долу і пачынаю скакаць па заснежаных шпалах. Кожны рух суправаджаецца невымернай да атупення пакутай. Другая, мне ўжо непадуладная нага сутаргава падкорчваецца ад болю і ціхенька, аслабела калоціцца.

  Усё маё цела ў ліпкім сцюдзёным поце. Часам я расплюшчваю вочы, і тады перад імі плывуць-гойдаюцца прысыпаныя снегам шпалы і дзве чорныя рэйкі з абодвух бакоў. Побач мільгаюць боты. З аднаго боку кірзавыя, пацёртыя на шчыкалатках – Сахновы, з другога тупаносыя скураныя – Энгеля. Ля гэтых скураных раз-пораз паказваецца чорны прыклад карабіна, і я здагадваюся: ім узброіўся мой штрафны канваір. Значыць, яго не расстраляюць. Гэта чамусьці адгукаецца ва мне задавальненнем, якое нараджае надзею: а раптам ён паможа. Калі толькі мне яшчэ можна чым-колечы памагчы.

  Хутка, аднак, невыносная млявасць ад болю зноў туманіць мой зрок, і я перастаю бачыць. Цьмяна я адчуваю, што мяне вядуць у палон. Вядуць два чалавекі, якія тут менш за ўсіх падыходзяць для гэтага. Сапраўды, аднаго суткі назад я сам павінен быў здаць у палон, а другі... Не хочацца нават і думаць, хто гэты другі.