Мертвым не балиць, частка 2

  I вось цяпер яны – мае канваіры.

  Але навошта я, такі скалечаны, спатрэбіўся немцам? Хіба, каб нешта ад мяне дазнацца раней, чым забіць? Тады чаму я іду? Хай забіваюць адразу. Праўда, я заўжды хацеў жыць. I цяпер таксама. Каб толькі не боль. Нават насуперак болю. Толькі чым мне абернецца якая лішняя гадзіна жыцця? Можа, горшым, чым сама смерць...

  Галава мая тлумнее ад блытаных думак і неадольных для майго стану пытанняў. Нечага вельмі важнага я ніяк не магу даўмецца. Я толькі адчуваю, што сталася нешта жахлівае, непапраўнае і несправядлівае. Часам я забываюся, дзе я і куды іду. Міжвольна здаецца, што побач Каця. Нават чуецца дзесьці паблізу яе голас. Я не магу сабе ўявіць, што яе ўжо няма і ніколі не будзе... I што ніколі болей не будзе майго сябра Юркі. Здаецца, ці не сон гэта? Было ж колькі разоў у сне, што трапляў у рукі да немцаў, якія нават спрабавалі мяне забіць. Але затым наставала абуджэнне, і ўсё рабілася па-ранейшаму. Можа, і цяпер будзе так? Толькі вось нялюдскі, нясцерпны боль!

  Трэба сабрацца, засяродзіцца і нешта зразумець, у нечым разабрацца. Я заўжды няблага разбіраўся ва ўсіх каверзах, што наблытвала перада мной жыццё. Дома, у школе, у вучылішчы. Праўда, тут вайна. Вялізная, лютая, небывалая на зямлі вайна. У ёй сам д’ябал з богам самым старанным чынам усё пераблыталі. Ніводная заканамернасць тут не з’яўляецца правілам. А самая недарэчная выпадковасць часам робіцца табе лёсам. Разбярыся, што тут надзейна і пастаянна? I нязменна?

  Пэўна, я мог бы штось зразумець, каб не такія пакуты. Боль мне не дае ні аб чьш думаць. Ён адбірае сілы. Слабасцю захлынаецца маё сэрца. Столькі трэніраванае на кросах, фізо і на зарадках сэрца. Здаецца, нікуды я не дайду. Я проста сканаю ў руках гэтых двух. На гэтай чыгунцы. У некалькіх кіламетрах ад Кіраваграда.

  Так, я хачу сканаць. Я не хачу ісці ў палон. Я не буду даваць ім ніякіх звестак. Я не хачу і не магу болей пакутаваць. Пакуты робяцца звыш маіх сіл. Я нават не ведаю, дзе і што мне баліць. Боль самаўпраўна гаспадарыць ва ўсім целе, невядома чаго дамагаючыся. Я вельмі зайздрошчу Юрку. Яму не баліць. Ён пераступіў свой апошні рубеж і цяпер непадуладны для немцаў. Сілы над ім ужо ў іх няма. I смерць мне пачынае здавацца жаданым збавеннем. Толькі дзе яно, тое збавенне?

  Я расплюшчваю вочы і дзіка пазіраю навокал. Паабапал стэпавая роўнядзь, чыгунка, тэлеграфныя слупы збоку. Мерна і настойліва гудуць правады. Наперадзе тупае немец. Каробка закінутага за спіну процівагаза лязгае па затворы яго карабіна. Я паднімаю галаву і бачу сашчэпленыя сківіцы Сахно. Ён усё не страляецца, не ўцякае. Няўжо ён пойдзе ў палон?

  – Забі мяне!

  Сахно, здаецца, ажно здрыгаецца. Зусім незнаёмымі вачыма пазірае ў мой твар. Мабыць, твар у мяне нялюдскі, бо ў глыбіні ягоных зрэнак – раптоўны спалох.

  – Забі мяне! Будзь чалавекам!

  Я і сам разумею бязглуздасць мае просьбы-енку. Але гэта енчыць мой боль. I маё спакутаванае цела. Яны самыя ўладарныя цяпер ва мне, і я ім падпарадкуюся. Адзіная мая нага падкошваецца, і я зусім вісну на чужых руках. Сахно тады моцна тузае за плячо і дыхае засцярожлівым шэптам: