Мертвым не балиць, частка 2

  – Калі што – ты мяне не ведаеш. Паняў?

  Я праглынаю тугі крыўдны камяк. Ага, цяпер ён мяне ўгаворвае. Падобна, ужо ён перайначваецца. Астатніх панішчыў, а сам усё марудзіць. Можа, думае выжыць?

  У роспачы я тузаюся з іх учэпістых рук. Энгель нешта незадаволена буркае і ямчэй падхоплівае мяне пад паху. Сахно ж аднаруч не вытрымлівае. Плячом я выцінаюся аб шпалу і ляжу, курчачыся ад болю. Ззаду раздаецца суровы гартанны крык. Сахно, палахліва зазіраючы мне ў вочы, тузае за рукаў.

  – Ты што? Уставай!

  – Не ўстану! Забівайце! Не ўстану.

  У гэтым цяпер маё выйсце. Выйсце з жыцця ў нябыт. Іншага няма. Хай страляюць.

  Але яны не страляюць.

  Энгель некалькі разоў нязлосна тузае за руку, стараецца падхапіць за другую Сахно, але я настойліва ім не паддаюся. Тады насупраць з’яўляецца той, у касцы. Ягоны позірк крута ўпіраецца ў мяне дзесьці між броваў. Дужы ўдар ботам пад дых зацінае маё дыханне.

  – Ауфштэген!

  Не, ужо чорта вам, а не ауфштэген! Задыхаючыся, я хапаю ротам паветра і, на жаль, нічога не магу ім сказаць. Свет зноў правальваецца ў млосную імглістую прорву. Рэшткамі адчування я адзначаю, як яны хапаюць мяне за рукі, за нагу, за падраныя полы шыняля, і зямля пада мной знікае. Вірлівая дрыготкая гойданка падхоплівае мяне і ўносіць з свядомасці...

  Ачынаюся таксама ад удару. Здаецца, нечым пякуча-сцюдзёным тупа выцінаюць па твары, і я ўраз апынаюся на скрыпучай нерухомай роўнядзі. Варухнуўшы рукамі, разумею, што яны мяне кінулі ніцма ў снег. Напэўна, зараз прыстрэляць. Нетаропка і вяла, ледзьве адольваючы знямогу, у якой раствараецца боль, паварочваю галаву. Пада мной утаптаная зімовая дарога, рудая наздраватая пляма ад конскай мачы, натрэсеныя ацяробкі сена і побач ногі. Шмат ног у ботах, чаравіках з кароценькімі скуранымі і брызентавымі крагамі. Двое ці болей у валёнках. Бліжэй за іншыя пазнаю выслізганыя ў снезе кірзачы Сахно. На іх скураных галоўках плямы крыві. Здаецца, гэта мая кроў. Аднак рэзкая нямецкая фраза прымушае мяне зірнуць далей, і мае вочы натрапляюць непадалёк на вузенькую, брудную падножку «опель-капітана». Адзін яе край аздоблены цьмянай палоскай нікелю. Канец прыгнуты нейкім ударам, а на сярэдзіне пацепвае падэшвай добра начышчаны хромавы бот.

  З патугай я перасоўваю позірк вышэй, здагадваючыся ўжо, што гэта – начальства. I сапраўды, у машыне нейкі важны, самавітага выгляду афіцэр. Хударлявы і немалады. На галаве новая высокая фуражка. Пад выгаленым падбародкам ляжыць руды футровы каўнер скуранога рэглана. Вачэй, аднак, не відаць, замест іх пабліскваюць шкельцы пенснэ. Я першы раз бачу такога важнага немца, і ў іншых абставінах, мусіць, гэта было б цікава. Аднак цяпер ён мне абыякавы. Мне пляваць на ягоны высокі чын. Я яму зараз жа гэта і скажу. Разыкаваць мне ўжо няма чым.

  Але чаго яны зноў усе маўчаць? Маўчыць чын. Маўчыць, «з’ядаючы» яго позіркам, знаёмы афіцэр у касцы. Вывернуўшы ад сябе локці, ён навыцяжку стаіць перад машынай. Можа, зараз яны вырашаюць наш лёс?

  Аднак напружанне мае канчаецца. Я выдыхаю з грудзей паветра і заплюшчваю вочы. Зноў усё нада мной плыве і кружыцца. Вялікім намаганнем волі ўтрымліваючы сябе ў свядомасці, думаю: чаму я не сканаў па дарозе? Навошта я жыву? Я ведаю, што будуць дапрошваць. Ім патрэбна нешта дазнацца, і таму яны вядуць нас удвох. Другі для кантролю. Для таго яны прывалаклі мяне ў сяло. Гэта – вуліца. Я чую, як у марозным паветры пахне мешанінай дыму – бензінавага і ад саломы. Чуецца далёкая страляніна, гамана і тупат ног. Побач ідуць і бягуць салдаты. I ў гэтую калатнечу блізкіх, перамешаных гукаў урываецца настырны паветраны гул. Дык вось чаму яны змоўклі: у небе ідуць нашы. Гэта штурмавікі, нашы родныя «ІЛы». Яны ідуць сюды! Яны зробяць ім вялікі крывавы дзень.