Мертвым не балиць, частка 2

  Напружыўшыся ад вялікага болю, я перакочваюся на спіну. У вочы хлынае бледны высокі блакіт неба. Да болю ў вачах я шныпару позіркам па белесаватай смузе-навалачы. I дарма. Там пуста. Толькі побач унізе тычкі нерухомых галоў – у пілотках, шапках, у касках. Яны таксама ўставіліся ў неба. Самалётаў няма. Ёсць толькі гул. Гудзе недзе паблізу. I гэты гул напаўняе мяне незразумелаю ўпэўненасцю. Родныя мае! Дарагія! Біце іх! Паліце! Нішчыце! Я рады, што я яшчэ жыву. Я не хачу хутка паміраць. Я яшчэ пазмагаюся з імі. Я ім нічога не скажу. Не на такога напалі. Я плюну ў вочы гэтаму оберсту, ці як там яго велічаць. Няхай страляюць. Няхай пабачаць, як паміраюць рус-афіцэры.

  Аднак гул хутка глухне. Мусіць, самалёты праходзяць міма. Некуды ў другі бок. Кароткая радасць мая мяняецца нямым унутраным крыкам. Роспач туманіць позірк, і я ледзьве заўважаю, як іхнія твары ўжо не задзіраюцца ў неба. Яны скіроўваюцца да легкавушкі. Немец у машыне скідае з сябе нерухомасць, хрускае партсігарам, дзелавіта прыкурвае ад запальнічкі. Худыя шчокі яго то правальваюцца, то зноў трохі поўняцца, і падбародак апускаецца на футра каўняра. Ён нешта загадвае.

  – Яволь! Яволь! – ляскае абцасамі афіцэр і коратка аб нечым дакладвае.

  Здаецца, гэта пра нас – (вас махен цвай русафіцірэн?). Вось калі ўсё вырашыцца... Позіркам я ўпіваюся ў голены, сцюдзёны твар. Зараз ён вызначыць нам кару. Загадае, чаго ад нас дабіцца і як расстраляць. Ці, можа, нават павесіць. Але ён чамусьці не спяшаецца загадаць. Тонкімі вуснамі ён сціскае цыгарэту і нядбайна махае рукой у шэрай пальчатцы.

  Я не разумею. Што гэта значыць? Расстрэл? Ці, можа, весці далей па вуліцы? Відаць, чагось не разумее і афіцэр у касцы. Ва ўсякім разе я не чую ягонага «яволь». Я толькі бачу, як, сыпануўшы снегам, падхопліваецца ў каляіне кола. На хаду бразгаюць дзверцы.

  Афіцэр крута павяртаецца да салдат і ўжо іншым тонам – злосна і рашуча – нешта загадвае. Паўхвіліны ўсе змрочна слухаюць. Пасля разам бяруцца за зброю і за сваё майно на ўзбочыне. Зноў лязгаюць-дзвенькаюць спражкі і зашчэпкі іх жоўта-зялёных скрынак. Гучна хрупае снег. Нехта дужай рукой хапае мяне за каршэнь і ніцма, як дохлага сабаку, валачэ ўпоперак вуліцы. Па снезе, цераз каляіны, разграбаючы маім целам мёрзлыя конскія круглякі. Кручок шыняля ўпіваецца ў горла, я задыхаюся. Я не ведаю, куды гэта? Але я не хачу тут памерці. Я хачу яшчэ пазмагацца з імі. Яны мяне асудзілі, але за мной яшчэ апошняе слова. Божа, дай мне яшчэ гадзіну жыцця! I сілы. Я ніколі не верыў у Бога, аднак цяпер ён патрэбны мне. Хоць сапраўдны, хоць выдуманы. I я малю яго памагчы мне.

  Побач рыпяць на снезе закасцянелыя ад марозу скураныя боты, сунуцца міма пляцень, брамка, кінутая пустая каністра і прыхінуты да прызбы аўтамабільны скат. Ля яго растаптаны на снезе ахапак саломы, на які яны ўзвалокваюць мяне і кідаюць. Ударыўшыся галавой аб тугі гумавы бок ската, я не адразу расплюшчваю вочы. Ляжу, як пласт, ад болю закусіўшы вусны, і калачуся. Побач апускаецца на прызбу і таксама трасецца ад сцюжы Сахно.

  

  

  Праходзіць, мусіць, нямала часу, пакуль я, прытрываўшыся да болю, раскрываю вочы.