Мертвым не балиць, частка 2

  У двары гамана.

  Хата, на падворку якой мы апынуліся, мусіць, пакінутая. У выбітых шыбах акна з рэшткамі шкла – чарната. Дзверы – насцеж. Таму немцы ўсе ў двары. У полах шынялёў яны прыносяць аднекуль сухі паёк і ладзяць падвячорак. На састаўленых разам скрынках дзеляць галеты і асобна кансервы. Кінуўшы нас без аніякай увагі, усе стоўпліваюцца на падворку і ўраз расхопліваюць свае порцыі. Энгель таксама там. Як роўны з роўнымі, і ніхто яму, здаецца, нічога не кажа. Быццам і не было ў яго ні палону, ні кантакту з рускімі. Быццам і ён такі ж шчыры служака фюрэра, як і ўсе яны тут. Ён зграбае са скрынкі свае галеты, і ўдвух з рудым, што вывалак мяне з трубы, адной лыжкай па чарзе пачынаюць вышкрэбваць з банкі. Сахно, скурчыўшыся на завалінцы, пільна сочыць за імі спадылба і штохвіліны глытае слінку. I ўсё дрыжыць. А я ўжо не дрыжу. Здаецца, я марудна і няўхільна замярзаю. Ног сваіх я ўжо не адчуваю. Чужыя мне і рукі, на якіх даўно ўжо няма рукавіц. I яшчэ нясцерпна хочацца піць. Ад страты крыві ўнутры ў мяне ўсё сохне і паліць агнём. «Ну дзе ж яно, дзе іх начальства? Няўжо ж нікому мы тут не патрэбны?» – паныла думаю я і чакаю, калі хто-небудзь да нас падыдзе.

  I адзін падыходзіць. Малады зусім, сімпатычны на выгляд салдат з яснымі прыгожымі вачыма. Ён ступае тры крокі ад гурту ля скрынак і, дажоўваючы галету, расхінае полы шыняля. Робячы сваю справу ў двух метрах ад прызбы, немец сустракае мой позірк. Я чакаю нянавісці, крыку, а можа, і стрэлу, а ён усміхаецца і па-блазенску віхляе задам. Рудая паска перакрэслівае побач снег, дробным лопатам прабягае па маёй спіне раз і другі. Немчык задаволена ржэ, зашпільваецца і адразу адварочваецца, папраўляючы на плячы аўтамат.

  Мабыць, першы раз я стагну. Ад пакут іншага роду, чым тыя, што дапякалі мяне раней. Гэта нясцерпныя пакуты. Іх нельга зразумець, не стрываўшы. У роспачы прыпамінаюцца ўсе мае франтавыя няўдачы. Калі я страляў з «дзегцяра», не паставіўшы на планцы прыцэл, з дзесятак немцаў паспела схавацца ў траншэі. I як мы прамарудзілі з атакай і далі іх машынам выскачыць з сяла. I той вечар, калі мой узвод захапіў шасцярых палонных. У хлопцаў былі мокрыя валёнкі, але я не дазволіў ім разуць немцаў, абутых у спраўныя боты. Каб тады ведаць, што чакае мяне! Мне крыўдна, што я мала забіў іх на фронце.

  Але, відаць, усе мае пакуты дарэмныя. Ніводнага з іх я ўжо не заб’ю і нічога ім не зраблю. На мяне ім напляваць. Яны адыходзяць. Дажоўваючы хрумсткія галеты, ямчэй ладзяць на спінах сумкі, процівагазы, закідваюць на плечы зброю, і адзін за адным выходзяць на вуліцу. На нас нават не зірне ні адзін. У двары, аднак, застаюцца знаёмыя скрынкі. I ля іх трое. Наш Энгель, малады акулярык, што вывалак мяне з трубы, і яшчэ адзін новы. Ён паджары, ладна складзены, з уедлівымі цёмнымі вачыма і яфрэйтарскім шаўронам на рукаве. Гледзячы па ўсім, гэты тут будзе за старшага.

  Я ўжо не ведаю, што і думаць. Страшна крыўдна сканаць, як канае падстрэлены сабака. Мабыць, да ночы мне ўжо не дажыць. А яна зусім блізка. Сонца ў небе ўжо не відаць. У празрыстае сіняе сутонне марудна апускаецца дол. Пад стрэхамі гусцее і ўстойваецца змрок. Усё настойлівей пячэ твар і рукі мароз. Пэўна, ноч будзе зорная і месячная, як і ўчора. Толькі мне яе ўжо не ўбачыць.