Мертвым не балиць, частка 2

  Здаецца, немцы мяне пакідаюць.

  Аднак у варотцах яны раптам спыняюцца. Мне чуваць голас яфрэйтара. Спачатку ціхі, пасля з уладарнаю ноткай загаду. I зараз жа рэзкі скрып ботаў па снезе. Гэты прарэзлівы скрып болем пранізвае маю галаву і спыняецца. Я расплюшчваю вочы.

  Згорбіўшыся пад скрынкай на спіне, перада мной стаіць Энгель. Ён нерашуча, нібы баючыся, зазірае ў мой твар. У яго напружана-затоены позірк. I я раптам здагадваюся, чаго ён вярнуўся. Я ведаю. Іншага я і не чакаў.

  Але чаму Энгель?

  На руках я адкідваюся да прызбы. Упёршыся ў дол абцасам, паварочваюся да яго тварам.

  – Ты?

  Энгель адступае на крок і дрыготкімі пальцамі бярэцца за рукаятку затвора. Ён з натугай дасылае ў патроннік патрон і мармыча:

  – Эс тут мір зэр ляйт.

  Я разумею. Ён просіць прабачэння. Гэта няўцямна. I няўяўна. Гэта жахліва. Ці бачылі вы такіх забойцаў? Ці чыталі пра іх у кніжках?

  

  Ну, вядома, ён мае загад! Гэта ўжо знаёма. Гэта безумоўна.

  Ну, але што ж! Трэба канчаць. Мне няма чаго плакаць. Дарма таксама прасіць. Рукамі я раздзіраю на грудзях шынель. На, страляй, гад! Цаляй у самае сэрца. Каб доўга не пакутаваў! Мне неўмагату.

  – Бэайльт айх!4 – крычыць з вуліцы яфрэйтар.

  Аказваецца, яны пайшлі. Яму цяпер іх даганяць. Яны спяшаюцца. Можа, праз гадзіну тут будуць нашы? Гэтая думка пераварочвае ва мне ўсе пачуцці. Мне да слёз робіцца крыўдна.

  – I ты мяне заб’еш? – крычу я ў разгубленыя, падслепаватыя Энгелевы вочы. – Ты ў мяне стрэліш?

  У маёй душы раптам узгараецца маленькая зорачка надзеі. Я ж яго не забіў. Я яго бараніў. Няўжо ён не ўспомніць таго?

  На адным калене я падаюся ад прызбы да Энгеля. Ён на крок адступае. Падобна, ён баіцца мяне і чамусь азіраецца. Вочы яго ўсё акругляюцца ў збянтэжанасці. Рукою зноў тузае рукаятку затвора. З карабіна туга выпстрыквае патрон і падае ў снег.

  – Іх габе бефёль, – дрыготкім голасам, нібы апраўдваецца ён і таропка адступае яшчэ на два крокі.

  Стрэл, як гром, пыхнуўшы ў твар чырвоным полымем, валіць мяне ў снег.

  Нейкі час потым я яшчэ чую незразумелыя гулкія ўдары пад сабой – дуг-дуг-дуг... Я не ведаю, што гэта – ягоныя крокі ці развітальны стук майго сэрца. Аднак яны ўсё цішэюць і хутка зусім заміраюць.

  

  ––––––––––––

  1 Я хутка! (ням.)

  2 Ціха! Няма вады! (ням.)

  3 Я вельмі шкадую. Але я маю загад! (ням.)

  4 Спяшайся! (ням.)

  

  

  – Грамадзянін! Грамадзянін! Ану, падніміцеся!

  – Што разлегліся? Не дома!

  – Паднімайцеся! Зараз жа паднімайцеся!

  Між лавак ходзіць дзяжурная з чырвонай павязкай на рукаве, і з ёй міліцыянер. Яны будзяць пасажыраў, бо спаць у зале не дазваляецца. Жанчыны, дзядзькі і хлопцы, крэкчучы і сапучы, устаюць. На іхніх памятых тварах санлівая нездаволенасць.