Мертвым не балиць, частка 2

  Выбух вясёлага смеху за ягонай спіной абрывае фразу. Ля чарнушкі, паклаўшы на яе плячо шырокую руку, усміхаецца плячысты бландзін.

  – А цішэй нельга? – строга пытаецца Гарбацюк.

  – Можна, – адказвае крайні за сталом, круглатвары і светлабровы ў цёмным гарнітуры хлапец. – Эрна, просяць на паўтона ніжэй.

  – На паўтона ніжэй! – з гуллівай уладарнасцю загадвае Эрна суседу.

  Той, пачакаўшы, пакуль за сталом уціхне ажыўленне, з тым жа знарочыстым пафасам гаворыць далей:

  – Ну, скажыце! Скажыце, чаму я яе кахаю? Што ў ёй? Пастава? Грацыя? Хараство? – наіўна акругляючы вочы і жэстыкулюючы шырокай далонню, пытаецца ён. – Шпінгалет! Каго яна можа нарадзіць, такая блыха? Хіба што другую блыху. Гэта ў біялагічным плане. А ў грамадска-палітычным?..

  – Адставака! Хвост па палітэканоміі... – самавыкрывальна напамінае Эрна.

  – Грубіянка! – падказвае бліжэйшая да яе бландзінка.

  Іншыя за сталом крычаць:

  – Задзіра і насмешніца!

  – У сценгазеце прадзёрнута!

  – Паспрачалася з рэктарам...

  – Правільна. Усё правільна. Дзякуй за дапамогу. Суцэльны перажытак мінулага. I часткова будучага. А я кахаю яе. I ўсё! Дык вытлумачце, чаму? Вы! Філосафы! Маралісты! Камсоргі! Біёлагі! Чаму, га?

  Ён прытворна паціскае плячыма. Хлопцы наперабой штось спрабуюць давесці. Адна Эрна вельмі хітра ўсміхаецца пад яго рукой. Яна-то разумее гэта ягонае «чаму».

  – Ну дык што ж! Узялі? – дзеля прыліку пытаецца Гарбацюк і разлівае рэшту. – Як кажуць, каб не апошнюю...

  - Ну...

  – А ўрэшце куды спяшацца? Пасядзім да закрыцця. – Ён адстаўляе чарку і закурвае. Смачна зацягваецца. Пасля ўглядаецца ў мяне.

  – Гляджу, нешта невясёлы. Што, характар такі?

  – Характар.

  - Адкуль прыехаў?

  – Ды тут недалёка. З-пад Мінска.

  – Ага. Беларус, значыць. А дзе працуеш?

  – У клубе.

  – Значыць, па культурнай лініі?

  Мне непрыемны гэтыя роспыты, і, каб іх прыпыніць, я звяртаюся да яго:

  – А вы на якой лініі?

  – Я? Юрысконсульт. На паўстаўкі. Болей нявыгадна – пенсію рэжуць.

  – Зразумела. Пенсіянер?

  – Ды накшталт. Пяцьдзесят два гады. Але ў мяне выслуга. Усяго дваццаць восем. З ільготнымі, вядома.

  «Нішто сабе, як кажуць, пратрубіў чалавек! Дваццаць восем год салдацкае лямкі – не жарты! У мяне тры, і то перажыванняў на ўсё жыццё...»

  – Эх шкада, піўка не заказалі! Духата такая.

  Ён паварочваецца да залы і кліча афіцыянтку:

  – Дзевушка! Дзевушка! На хвілінку...

  Але «дзевушка» не чуе або не хоча пачуць і ідзе сабе між сталоў на кухню. Тады ён устае.

  – Ты пасядзі. Я закажу ўсё ж...