Мертвым не балиць, частка 2

  Пасля бяссоннае ночы тупа баліць галава. Трэба б таблетку пірамеіну, але аптэчны ларок, вядома, яшчэ зачынены. У вялізных вакзальных вокнах – празрыстая сінеча світальнага неба. Зачынаецца майскі пагодны ранак.

  Хлопца на лаўцы ля мяне ўжо няма, мусіць, адправіўся сваёй дарогай. На яго месцы сядзіць знаёмая з ночы жанчына ў квятастай хусцінцы. Падпёршы рукой шчаку, яна засяроджана глядзіць у падлогу. Відаць, як і я, таксама не прыдрамнула за ноч. З другога рада лавак да нас забрыдае ранняе на пад’ём малое з бразготкай у руках. Шырока расставіўшы крываватыя ножкі, даверліва ўзіраецца ў мяне, потым глядзіць на жанчыну. Выраз твару той не мяняецца. Малеча, няспрытна павярнуўшыся, таропка тэпае за лаўку. Нас яно пабойваецца.

  Мне болей тут не сядзіцца.

  На плошчы яшчэ па-начному прахладна і пуста. Ліхтары ўжо не гараць. У шырокім чысцюткім небе над горадам хутка світае. Вось-вось павінна ўзысці сонца. Напорысты майскі дождж прамчаўся па вуліцах, дахах і бульварах, пакінуўшы пасля сябе духмяную свежасць раніцы, мокрую лістоту і люстраныя лужыны-азяркі на асфальце. Лужыны, аднак, хутка вузеюць-меншаюць.

  Гаркавата расістым водарам патыхае ў скверы ад таполяў. Вясноваю прэласцю пахне набрынялая вілыаццю зямля. З ночы лістоты на дрэвах нібы прыбавілася, і яна густа зелянее, цярусячы на дол сцюдзёныя буйныя кроплі. На пустой крайняй лаўцы – праседжаная мокрая газета. Я апускаюся побач.

  Энгель усё ж аказаўся нядбайным салдатам фюрэра. У сваім старанні выканаць загад ён паспяшаўся. Невядома, па якой прычыне адбылося гэта. Ці мо з нежадання адстаць ад сваіх. Ці баючыся нашых, якія недзе абходзілі сяло. Ці, можа, Усё ж маючы нейкую спагаду да мяне. Не дужа цаляючы, ён стрэліў толькі адзін раз. А трэба было, відаць, два. Адзін стрэл мяне не забіў. Толькі на шмат год нарабіў клопату дактарам. I калі я зараз жывы, дык зямны паклон іхнім залатым рукам і іхнім вялікім турботам. Але найперш паклон цётцы Марылі. Гэта яна, стараватая вясковая бабылка, не дала мне сысці крывёй і замерзнуць. Яе рукі найперш затрымалі ва мне невялічкія рэшткі жыцця, хоць гэта было не проста і амаль безнадзейна. I цяпер разам з нянавісцю да подласці ў маіх грудзях жыве вялікая любоў і ўдзячнасць тысячам тысяч нашых бабулек, цётак, дзяўчат і старых, якія і кармілі і абагравалі, а нярэдка і ратавалі нас ад кашчавай.

  Шырокія стрункія промні нябачнага за дамамі сонца запальваюць ранішні блакіт, і ён у вышыні гарыць, ззяе, звініць чысцінёй і першатворнай свежасцю. Недарэчна доўгая і турботная ноч ззаду. Дзіва, якою магутнай, гаючай сілай валодае прырода. Кожнага ранку ўзыдзе сонца, і ўсё на душы робіцца інакшым, чым уначы. Куды толькі знікаюць сумненні і пакуты адзіноцтва. Выходзіць усё куды прасцей і лягчэй, чым уяўлялася. Вялізным зарадам бадзёрасці прырода кожнага ранку абнаўляе людзей.

  Так, лютая была вайна. Смяртэльная бітва з найвялікшаю няпраўдай і несправядлівасцю, якія калі-небудзь нараджала зямля. Гэтая барацьба ўзяла ў чалавецтва безліч ахвяр і іхняй крывёю напісала ўрокі, якія немагчыма забыць. Найпершы з іх, мусіць, заключаецца ў тым, што воля і мір – занадта кволыя дрэўцы, каб іх можна было вырасціць без усеагульнага клопату ўсёй трохмільярднай сям’і. Занядбанне гэтым урокам каштавала б зямной катастрофы.