Мертвым не балиць, частка 2

За сталом я астаюся адзін.

  

  

  У хаце зусім цёмна (ці, можа, мне так здаецца) і вельмі людна. Так людна, што секууд некалькі я не ведаю, куды ступіць ад парога. I я стаю, узіраючыся праз паўзмрок у невыразныя плямы твараў, бінтоў, людскіх постацей на лаўках і на падлозе. У нос востра шыбае перакісам вадароду. Гэта абнадзейвае – значыць, медык тут ёсць, будзе на каго паспадзявацца.

  – Во яшчэ адзін зашчытнічак! – з лёгкім гумарком гукае нехта ад сцяны. – Ну, як там: турнулі нямецкіх захопнікаў?

  Я не маю ахвоты ні да якой размовы. Тым больш з такім вось дасціпнікам. Але па нейкіх ягоных гуллівых нотках адчуваю, што тут ёсць жанчына, і прыглядаюся ў паўзмрок, ці не Каця?

  – Адбіліся, – кажу я.

  Ад чорнай круглай грубкі, ля якой поркаюцца байцы, на мой голас павяртаецца нехта ў паўшубку. Сапраўды з-пад шапкі ўскідваюцца знаёмыя вочы Каці.

  – А, младшой! А тут дружок ужо зусім нос павесіў. Думалі, хана табе.

  Каця ўстае, і тады я бачу ў доле на разасланых шынялях Юрку. Ён ляжыць на спіне, без гімнасцёркі, па грудзях туга спавіты бінтамі, і ледзьве прыкметна спрабуе ўсміхнуцца мне куточкамі сваіх вуснаў.

  На некага наступіўшы, не зважаючы на лаянку, я падаюся да сябра і нязграбна апускаюся ля яго на калена.

  – Юра! Юр... Ну, як табе? Лягчэй? Га, Юрка?

  Я ўзіраюся ў яго шэры, без адзінай крывінкі твар з вострым, нейкім не Юркавым носам. Без адказу адчуваю, справа яго дрэнь. Блага Юрку! I нават яшчэ як блага!

  – Так, нічога... Лягчэй... – шэпча вуснамі Юрка.

  У яго зацененых вачах на секунду загараецца радасць, якая, аднак, зараз жа і гасне. Я ўсё гэта бачу. Я разумею... і я хачу яго падбадзёрыць:

  – Знаеш, адбіліся! Танкі падышлі. А то былі б нам канцы. Цяпер мы цябе ў шпіталь. У першую чаргу, – кажу я, верачы, што адпраўлю яго. Цяпер я ўжо дамагуся. Але тут побач нехта недаверліва сапе:

  – Глядзі, адправіш! На самалёце хіба?

  – Чаму на самалёце? – няўцямна пытаюся я, і раптам гэтая рэпліка мяне насцярожвае. Я павяртаю голаў – пад сцяной ля самых дзвярэй з вінтоўкаю між каленяў сядзіць ды смокча цыгарку нейкі баец. I побач (глядзі ты: зноў тут як тут!) дрэмле мой немец.

  – Чаму самалётам? – падазраючы нядобрае, пытаюся я. – Машынай, падводай адправім. Бачыце, цяжкапаранены?!

  – Гм!.. Мы-то бачым. А вось ты...

  – А што? Што я не бачу?

  Я ўжо гатовы ўзарвацца, бо стрыманасці мне не хапае, не трываюць нервы. Што тут яшчэ здарылася?

  – Трапілі, во што. Між молатам і кавадлам...

  – Ну ты там! – строга раздаецца з кута ад стала знаёмы голас. – Пракрашчай разгаворчыкі!

  Ну, вядома, тут і капітан Сахно... У цёмным куце. Яго адсюль амаль не відаць, – ён жа, мусіць, бачыць усіх. I нешта ён тут дужа па-начальніцку прыкрыквае – мусіць, старшы па званню. Як ад болю, сцяўшыся ад нядобрага прадчування, я пазіраю то на яго, то на байца ля парога. Але той змаўкае і толькі падміргвае мне адным вокам: