Мертвым не балиць, частка 2

  – Паняў?

  Так, зразумеў. Ведама ж, няхітрая справа зноў трапіць пад удар, калі ў тыле чорт ведае што. Чаго тут чакаць, апроч як удару, акружэння, разгрому. Але ж ёсць і нашыя танкі. Гэта ім не сорак першы год. Не, мабыць, панікаваць яшчэ рана. Яшчэ пабачым, хто трапіць на кавадла...

  – Ладна, годзе вешаць насы, – кажа Каця, прабіраючыся ад дзвярэй. Яна нясе кацялок з гарачай вадой. З-пад вечка густа ідзе пара. – На во, напаі гарачым. Ды сагрэць яго трэба. Ану, славяне, у каго кажух лішні? – гукае яна да параненых. – Тут цяжолага сагрэць трэба.

  – Бяры мой, – чуецца ў цемры. – Усё роўна не ўсцягну. Толькі во рукаў адарваны.

  – Ладна, давай.

  Нехта з забінтаваным плячом падае ёй паўшубак. Каця клапотна ўхутвае ім Юрку. Затым я, разліўшы трохі вады, паю сябра. Яго сцятыя зубы ціха лязгаюць па алюмініевым краі кацялка. Напіўшыся, Юрка часта ды трудна дыхае.

  – О так... Цяпер лепей...

  – Ну і добра, – кажа Каця. – Сагрэйся і засні. Сон лечыць лепш за прафесара.

  – Ладна. Дзякуй... – шэпча Юрка, і ягоныя пасінелыя вейкі знямогла заплюшчваюцца. Каця павяртаецца да мяне:

  – А як твая нага, младшой? Ану, пакажы. – Яна рашуча і бесцырымонна лапае маю бедалагу-нагу і сварыцца: – Гэта называецца перавязка! Паглядзі, што тут у цябе робіцца!..

  Я і сам ведаю, што там робіцца. Бінты мае раскіслі ад снегу, спаўзлі, разматляліся. Усё там скрываўленае і мокрае. Хваравіта-чуйная да цвёрдых Каціных рук, нага, мусіць, яшчэ і памарожана. Пальцы, здаецца, зусім ужо анямелі. Каб не перажываць залішне, я, сцяўшы зубы, адварочваюся. Насупраць пад сцяной сядзіць «мой» немец. Трымаецца ён ціха, нават баязліва, з пакорай на твары. На ягоных плячах усё той жа шынялёк, на галаве казыркастая шапка. Рукамі ён ашчапервае калені і быццам дрэмле. Ягоны канваір ля парога, зарослы шчаціннем дзядзька, дакурвае цыгарку, і нехта са змроку просіць:

  – Сараковачку пакінь, браток. Га?

  Баец яшчэ разы два цмыгае і, ступіўшы між целаў на падлогу, цягнецца да выстаўленай з цемры рукі. Мае вочы пачынаюць ужо што-колечы бачыць у гэтым сутонні. Між байцоў я пазнаю на лаўцы ўратаванага намі лётчыка. Ён нерухома ляжыць, бы нежывы, пад сваімі бінтамі і толькі час ад часу стрымана стогне. Але стогнуць многія. Ціхіх стогнаў, крэкту і вохаў тут поўная хата.

  – Ану, назад! – зараз жа раздаецца з-за стала каманда Сахно. – Не забывайцеся, да каго прыстаўлены! Баец вяла апраўдваецца:

  – Ды не ўцячэ! Я ж усё бачу.

  – Дрэнна бачыце!..

  У гэты час зусім побач са мной пачынае варушыцца нехта ў паўшубку з настаўленым каўняром. Здаецца, ён дагэтуль драмаў, прыхінуўшыся да сцяны, і цяпер асіпла са сну гаворыць:

  – Не турбуйцеся. Я пагляджу.

  Затым адкашліваецца і, зусім як немец, нешта скорагаворкай звяртаецца да палоннага. Гэта мяне здзіўляе: глядзі ты, ведае па-нямецку! На фронце такое здараецца не часта. Немец ціха нешта адказвае, і мой сусед абвяшчае:

  – Ён гаворыць, што сам здаўся ў палон і назад перабягаць не збіраецца.