Аблава

   Ціха, быццам крадком, ступаючы па апалым шархоткім лісці ў кустоўі, ён прайшоў наўкось да ўзлеску ля вёскі. Учора ён бачыў там старую грушыну, пад якой было чым пажывіцца, але тады яму было не да ежы. Сёння ж тыя грушы выклікалі ў яго нейкае нервовае нецярпенне, і ён неўзабаве ўбачыў праз голле прасцяг знаёмага поля пад лесам.

   Ля грушыны не было нікога, мусіць, ад жывёлы яе аберагала блізкая азіміна, статак мінаў яе зводдаль ці глыбей у лесе. Хведар хутка назбіраў у кішэні світкі некалькі прыгаршчаў гнілабокіх грушак, смак якіх ён памятаў з дзяцінства, і тут жа з прагнасцю пачаў іх жаваць. Аднак, мусіць, трэба было чаго пашукаць да грушак, аднымі грушамі сыты не будзеш, гэта ён ужо ведаў. Значыць, трэба паглядзець дзе бульбы. Але тут было жытное, зелянела рунь, бульбу, мабыць, саджалі ў полі за лесам, калі толькі яшчэ не выбралі. Але не павінны выбраць, думаў Хведар. Да кастрычніка наўрад ці выберуць, а верасня яшчэ заставалася з тыдзень, не меней.

   Тым часам у лесе ўжо добра развіднела, дужа шумелі елкі і плылі-ляцелі ўгары кудластыя хмары, але дажджу не было. Не было і расы на траве, трохі сохлі-грэліся на хадзе яго ногі ў растаптаных, раскарузлых пасталах. Гэтыя пасталы ўвогуле няблага яму служылі - якая б абутка вытрымала тую дарогу, што яму выпала. А пасталы хоць бы што. На мокрадзі змакрэюць, а не распаўзаюцца, у сухмень закарэюць, сціснуцца, стануць нібы жалезныя. Нязносныя пасталы! Дзякуй таму чыгуначніку, што трапіўся яму з касой ля пуцявой казармы. Спыніў, паглядзеў, адно: «Здалёку ідзеш?» - «Здалёку», - сказаў Хведар. І той буркнуў: «Чакай», а сам вярнуўся ў казарму і хутка вынес кавалак чэрствага хлеба з агурком і гэтыя во пасталы. «Абувайся, спрытней будзе». Хведар быў босы, крывяніў збіты палец на левай назе, і ён тут жа звыкла абуўся ў пасталы і няновыя, праўда, анучы, падзякаваў чалавеку. І праўда, стала куды спрытней, чым босаму, ён адтопаў у іх вёрст, можа, з дзвесце.

   Навастрыўшы слых, увесь насцярожаны, Хведар памалу ішоў цераз знаёмы да кожнага дрэўца лес, і ціхае адчуванне шчасця лілося ў ягоную душу. То быў яго родны лес, тут ён пасвіў жывёлу, збіраў грыбы, пасля пілаваў дрэвы, калі вывозілі ў Данбас на рудстойку. Здаецца, нават ён пазнаваў колішні яго пошум. Там жа, на поўначы, лес быў інакшы і шумеў іначай: магутна, дзіка, пагрозліва. Гэты ж не, не дзіка, - мілагучна і таемна трапяталі парудзелыя бярозкі, угары ў задуменным пошуме марудна плылі кудысь вершаліны елак. Падлесак, аднак, парадзеў за той час, як Хведар не бачыў яго, ці, можа, драбналессе павырастала ў ладныя дрэўцы бярэзніку, ляшчыны, асінніку. І была ўжо восень - жоўтае і зрудзелае лісце пачало асыпацца долу, слалася па траве і шархацела пад ягонымі пасталамі. І ён усё апасаўся, каб яго тут хто не ўчуў. Аднак ён удала мінуў пагорачак з елкамі, лагчынкай выйшаў на даўнейшыя расцяробы - самы, можа, глухі куток іхняга лесу: былыя дзялянкі, на якіх густа браўся хмыз, алешнік, малады ельнік, ядловец. Тут жа пачынаўся доўгі роў з ручаём унізе, прайшоўшы па-над якім Хведар апынуўся на ўзлеску. Далей было поле.

   Як ён і здагадаўся, поле было занята бульбяным палеткам, які пачынаўся ад самага ўзлеску. Бульбу на ім, аднак, ужо выбралі, разараныя барозны чарнелі раскіданым чэзлым бульбоўнікам, зямля была ператаптана людскімі і конскімі нагамі. Пастаяўшы на ўзлеску, Хведар спрабаваў разгарнуць канец баразёнкі і адразу знайшоў бульбіну, затым яшчэ дзве. «Э, дрэнь выбіраюць, - падумаў ён з раптам узноўленай гаспадарлівасцю. - Хіба як будуць пераворваць...» Але калі добра выбіраць, дык і пераворваць можна для прыліку, а тут, падобна, і выбіралі дзеля прыліку. Заскарузлымі пальцамі ён капаўся ў сухіх глыжах і натрапляў на бульбіны, піхаў іх у кішэні паддзёўкі. Хутка набраў дзве кішэні, класці ўжо не было куды, і ён са шкадаваннем выпрастаўся: такое багацце ў зямлі! Каб тое яму трапілася пад Котласам, дзе елі траву, кару з дрэў. Бульбіна там была смачней за яблык. Нават сырая.