Аблава

   І яму пашэнціла, ён дабраўся дамоў.

   Дык чаго ж і на каго ён мог наракаць? Ён быў шчаслівы. Учора як згледзеў роднае поле і вёску, дык у душы ў яго ўсё засмяялася і запяяла. Канечне, засмуціла зруйнаванае котлішча, усё ж ён спадзяваўся ўбачыць хутар. Сніў безліч разоў свой падворак, студню з калаўротам, недабудаваны трысцен. Усё думаў, ці здагадаліся тыя, што жывуць цяпер там, перакрыць клець. Страха ў левым кутку пачала працякаць, асабліва ў навальніцы. Усё збіраўся перакрыць свежымі кулямі. Ды не сабраўся...

   А цяпер дык і няма нічога.

   Дзе яно, ягонае падворышча, хата? Куды ўсё вывезлі? Ці, можа, спалілі на дровы ў сельсавеце? Як спалілі пасля вайны фальварак Альбертаўку. Слаўны быў фальварачак - і дамоўка, і стайня. Стайня асабліва зайздросная была: з бруса, пад гонтай. Разабралі ўсё і папілавалі на дровы - у сельсавет і хату-чытальню. Мусіць, цяпер і яго так - на дровы, пусцілі агнём і дымам. Дзіўна, але ён не шкадаваў. Калі шкадаваць усяго, што набыў і страціў, дык можна было звар’яцець. Нажываў гадамі, за немалыя грошы, мазалём крывавым, хрыбтом сваім і жончыным, тросся над кожным лапікам зямлі, кожнаю палкай і снапком. А страціў усё, і за адно імгненне, і сам апынуўся на катарзе. Толькі завошта? Гэтае праклятае завошта пякельным вухналём сядзела ў яго галаве. Тысячу разоў ён пытаўся ў сябе, як ехалі ў смярдзючых вагонах, як іх гналі абозам па замерзлай рацэ, як рабіў там, на паўночным прыгоне, - пытаўся ў жонкі, у людзей, знаёмых і незнаёмых, пытаўся ў начальнікаў. Усе нешта казалі пра ўладу, класавую барацьбу і калектывізацыю. Але ніхто яму не растлумачыў так, каб адразу стала зразумела: завошта ў яго адабралі ўладай жа дадзеную зямлю, майно і саслалі на катаргу? Завошта? У чым яго віна? Што паслухаўся ўлады і ўзяў зямлю? Дык як было не ўзяць, з чаго б тады ён карміў сям’ю? Брат Міцька не хацеў дзяліцца, бо і праўда, дзяліць не было чаго - шэсць дзесяцін няўдобіцы, - што б выйшла з тае дзяльбы? Зноў жа, брат быў старэйшы, на гаспадарку меў болей права, чым малодшы Хведар. Два леты запар Хведар батрачыў у фальварку, а пасля ажаніўся з такой жа батрачкай, як і сам, - без зямлі і пасагу. Там таксама зямлі было з зайцаў хвост, а сямейка дай бог: восем душ і з іх пяць мальцаў. Як было адмовіцца ад казённай? Узяў зямлю.

   Што дбайна рабіў? Дык жа біўся зімой і ўлетку як рыба аб лёд: і будаваўся, і абрабляў палеткі, стараўся спраўна плаціць падаткі і пазыкі. Падрос - стаў памагаць сын Міколка. Зноў жа быў такі заклік урада - будуйце культурную гаспадарку, каб не жыць, як жылі - у цемрыве і галечы. (Каму ж хацелася жыць у галечы?) Усе прагнулі жыць хоць трохі па-людску і есці хлеб без мякіны. Паверыў, што ўласць кажа праўду. Аказалася - падмануўся.

   Цяпельца яшчэ не дагарэла, як ён закапаў у дробны прысак дзесятак карэлых бульбін - на болей не хапіла прыску. І зноў адышоўся далей - ці мала хто? Але пакуль навокал было ціха; троху пасакатала сарока ўбаку, ля рова, і неўзабаве паляцела далей. Усё пакутуючы ад голаду, Хведар праз колькі хвілін вярнуўся, дубчыкам выкаціў з вуголля крайнюю бульбіну - была яшчэ сыраватая і цвярдая, але нічога: агонь ужо жыўца выгнаў. Збольшага абцёр аб штаны попел і, апякаючыся, з’еў усю, не грэбуючы і абгарэлым бокам. Затым выграб другую. Бульба сапраўды была дужа смачная, ды і ён быў згаладнелы як мае быць, і ёў без перапынку, пакуль не засталіся апошнія дзве бульбіны. Мусіць, тыя спякліся ўжо добра, і ён іх, гарачыя, сунуў у кішэню - аж запякло сцягно.