Аблава

   Трохі падсілкаваўшыся, адчуў сябе весялей і пачаў думаць, як бы паткнуцца з лесу. Усё ж вельмі карцела паглядзець на поле, можа, на каго з вяскоўцаў - хоць здалёк, згадаць, як жывецца ў калгасе. Увесь час трохі лепш, чым жыў ён. Галоўнае - яны ўсе вольныя, на сваёй зямлі, пад Котласам ён не меў ніякіх звестак аб іх, толькі часам з’яўляліся чуткі - невясёлыя, аднак, чуткі. А як папраўдзе? Усё ж, мабыць, жывуць усе роўныя, не лішэнцы, як ён.

   Зараснікамі ён абышоў роў і па імшарыстай балацявіне выйшаў на ўзлессе - ужо з трэцяга боку лесу. Гэтае поле звалася ў іх Сёрбава і межавала з суседняю вёсачкай Чарнаруччам, стрэхі якой відаць былі ўдалечы на пагорку. Тут і сапраўды працавалі людзі, ягоныя суседзі-калгаснікі - выбіралі бульбу. Яму ні дня не давялося рабіць у калгасе (не пусцілі ў калгас), дык ён думаў убачыць цяпер дружную працу грамадой, усіх разам. Мо нават з песнямі. Замест таго ў ветранай палявой далечы калупаліся над баразёнкамі з дзесятак баб, і ён бачыў адсюль іх сагнутыя шэрыя спіны, вялікія галовы ў тоўста накручаных хустках, босыя ногі. Усе цягалі за сабой вялізныя кашы з бульбай, якія па адным зносілі ў кучу на сярэдзіне загона. Каля той кучы стаяў з паперынай у руцэ цыбаты мужчына, мабыць, учотчык, а тры іншыя ганялі плугамі барозны, надта ўжо памахваючы пугамі на коней. Коні, відаць было адсюль, ледзьве клыпалі ад ператомы, нізка коўтаючы галовамі, - худыя, знямоглыя сялянскія коні. Некалі ў іхняй вёсцы такія былі хіба што ў самых занядбаных гаспадароў - Цыпруковага Зміцера ды Ігналёнка. Іншыя ж ўсе як бы там ні жылі, а коней глядзелі, без каня якая ж гаспадарка. Тут, мабыць, глядзелі не надта. Праўда, ён пазіраў здалёк - зблізку, можа, не такія ўжо кепскія былі тыя коні; можа, і бабы рабілі весялей, чым яму здалося. Але нешта самотна-журботнае ўлілося ў яго адчуванне каля таго поля. Ведама, людзі былі далёка і ён не мог пазнаць хоць каторага, а пазнаць дужа хацелася. Тады ён краем лесу пайшоў у другі бок - да свае вёскі, дзе была дарога ў мястэчка, можа б, каго ўдалося падгледзець на той дарозе? Хоць бы пабачыць, пазнаць, не марачы ўжо, каб пагутарыць ці спытацца. Спытацца, канешне, няможна, трэба таіцца. Што зробіш, такі яго лёс. Яго вылучылі з грамады, выбракавалі, бы карослівае свінчо са статка, і выкінулі далёка. Ці мог ён назаляць каму? Набівацца? Тым болей прычыняць шкоду сваім набіваннем?

   Дарога, колькі ён памятаў яе, не змянілася - была ўсё такая ж - раз’езджаны між кустоўя бальшак з застарэлымі лужынамі на выбаінах, якія, дзе можна было, відаць, аб’язджалі фурманкі. І дзве бярэзіны на тым баку стаялі, як стаялі ўвесь век, - адна прама, а другая раздзяліўшыся на дзве, віламі, - старыя, закарэлыя, тоўстыя бярэзіны з абдзёртымі і пасечанымі камлямі. Пад раўнейшаю - відаць было цераз дарогу, - мабыць, нядаўна палілі вогнішча, падпяклі бяросту, таксама як і вецце аднізу. Пастухі, напэўна. Хведар нізка прысеў за пыльным прыдарожным кустоўем, стаў назіраць. Не ведаў, куды глядзець болей - у бок вёскі ці ў дальні канец, пад мястэчка. Пакуль што ні там, ні там на дарозе ніхто не паяўляўся, мусіць, усе рабілі на полі, чаго раз’язджаць бальшаком на той час? Аднак ён цярпліва сядзеў і думаў, каго б найперш хацеў тут пабачыць. Мабыць, найперш Саўчыка Лёксу, усё ж аднагодак, сябра і ўвогуле сардэчны мужык, хай бог дасць яму шчасця. Толькі дагэтуль не надта ўжо бог надзяліў шчасцем. У мікалаеўскую вайну Лёкса быў паранены шрапнелем у плячо і, колькі яго паматаў Хведар, усё бедаваў з рукой, не мог рабіць ніякай цяжкой работы. А ў сялянстве дзе ж возьмеш лёгкую? Біўся бядак Лёкса на адным надзеле з кучай малых дзяцей, Хведар часам памагаў яму - то папілуе дровы, то паможа накідаць гною на воз. Разоў колькі пазычаў грошы. Але памагаў так, па-суседску, без вялікае шчырасці. Нават і з прыкрасцю, калі, бывала, папросіць хамут, а тут самому запрагаць трэба. А ўвогуле Хведар яго шкадаваў, бо сусед, да таго ж аднагодак, і нямала абодва натрываліся на вайне. Каб веданне, як яно абернецца далей, дык бы шкадаваў з большаю шчырасцю. Усё ж харошы быў чалавек.