Аблава

   Ну але, мусіць, гэта марная справа - чакаць таго, што табе хочацца.

   Хведар добра наседзеўся ля бальшака і падумаў, што, мабыць, дарма ён удумаў тое, як у дальнім канцы дарогі, ад мястэчка, з’явілася фурманка. Рыжы рахманы конік даволі спраўна каціў з горкі ўніз, і за ім на возе відаць былі двое - мужчына і баба. Тое, што лейцамі кіравала жанчына і сядзела яна ў перадку, зацікавіла Хведара, хоць ён яшчэ і не пазнаў нікога. Жанчыну і праўда было не пазнаць, калі яны пад’ехалі бліжэй - тая была адвярнуўшыся на той бок калёс. А вось мужчына... Мужчына быў у калматай зімовай шапцы, з настаўленым каўняром шарачка, ён абнікла сядзеў у задку, склаўшы на каленях рукі, ногі яго былі ўхутаны стракатаю хатняй коўдрай, твар худы і белы. Увесь час бы глуха нядобра пакашліваў. Нешта дужа знаёмае здалося Хведару ў гэтым твары, калі фурманка пад’ехала бліжэй, і тут жа раптам, нібы падказаў хто, ён пазнаў чалавека. То быў Мікіта Зыркаш, ягоны, Хведараў, ліхадзей, які пісаў тады на яго за малатарню, з чаго ўсё і пачалося. Спярша цвёрдае заданне, а затым і ўсё астатняе. Але ж, мабыць, не далося жыццё і зайздросніку Зыркашу, угледзеўшы якога Хведар зразумеў усё - той быў хворы. Мусіць, яго хворага цяпер жонка везла з бальніцы ці ад доктара, і, угледзеўшыся ў чалавека, Хведар зразумеў, што не жылец на гэтым свеце Зыркаш. Адною нагой ён ужо там, Хведар гэта адчуваў добра. Нагледзеўся на такіх за жыццё. Трохі нават бы радасна стала ці нават зларадна: мусі, бог бачыць усё і карае па справядлівасці. У іншы час Хведар, можа, болей парадаваўся б з тае прычыны, але цяпер не хацеў. Зларадства сваё ён ужо амаль перажыў - перагарэла яно за гады ва ўласных пакутах, нікому не хацеў бяды, як і сабе таксама. Хай доўга жыве зайздроснік Зыркаш.

   Але стала сумна. І гаркотна. Мусіць, дзень ужо браўся на адвячорак - канчаўся першы ягоны так доўга чаканы дзень на радзіме. Што далей?

   Ён яшчэ пасядзеў троху, думаў, можа, і яшчэ каго згледзіць на вечаровай дарозе, ды болей не было нікога. Як пачало змяркацца, устаў, пайшоў краем кустоўя ў бок вёскі. Мусіць, трэба было б, пакуль не змерклася, брысці ў свае расцяробы, каб пасля не драць вочы ўпоцемку. Але яго ўсё цягнула да вёскі. І ён памалу ішоў лесам, пасля, асмялеўшы, выткнуўся на ўзлесак ля палетка з рунню, пастаяў на ўзмежку. За лагчынкаю ў вёсцы хутка гусцеў восеньскі змрок, заблішчэла некалькі агеньчыкаў у вокнах - там палілі святло. І яму захацелася ў прыцемку зазірнуць да каго ў акно, паглядзець з цемры ў хату, убачыць знаёмыя твары. Страшнавата было, ну, але, можа, не пазнаюць, калі і ўбачаць. Ён не адгукнецца нікому, толькі пройдзе па вуліцы і зазірне. Так карцела пабачыць каго жывога-наёмага. Найперш добрага чалавека, не злыдня, канешне.

   Ціха, амаль крадком, часта спыняючыся, ён зноў, як і ўчора, прайшоў рунню паўз сваё нешчаслівае котлішча, паціху патупаў ля плота збоч ад дарогі. Ну во і прысадзістая Саўчыкава хата пад крывой сукаватай вербінай. Калі ўлезці ў гарод, якраз апынешся перад акном, што насупраць Лёксавай печы, там жа, у падаконні, некалі мясціўся кухонны столік, за якім елі. Зусім ужо ўпоцемку Хведар пералез цераз плот, паабстрыкаў у крапіве рукі, але няблага затуліўся ў зарасніках ад вуліцы і ад падворка. Праўда, святла ў Лёксавых вокнах пакуль што не было, ды Хведар адчуваў, што там не спалі - нейкія невыразныя гукі ўсё ж даляталі з таго боку сядзібы. І ён стаіўся ў крапіве, чакаў. І праўда, урэшце недзе глуха бразнулі дзверы, у акне ўзнікла хліпкае цьмянае святло - ад газнічкі, канешне. Мільганула ў адным акне, у другім і спынілася недзе ў дальнім кутку, ля запечча, ці што? Хведар напружана ўзіраўся - хто там? За акном каўзануўся нейкі няпэўны цень і прапаў. Хто то быў, адсюль зразумець было нельга. Як нельга было ўчуць людскога голасу ў заўжды гаманлівай на дзіцячыя галасы Лёксавай хаце. Ці там усе маўчалі, ці, можа, ціха сноўдала адзінокая постаць? Напэўна, жаночая. Але дзе ж тады астатнія? Дзе сам Лёкса? І яго пяцёра дачок?