Аблава

   Нічога болей не дачакаўшыся ў крапіве, Хведар вылез з гарода на вуліцу і зноў, як учора, ціха прайшоў з канца ў канец вёскі. Мігатлівае святло з вокнаў бліснула яшчэ ў некалькіх хатах, але ў дзьвюх вокны былі завешаны фіранкамі, а каля трэцяй хтосьці тупаў на падворку ля самых веснічак, і Хведар, уцяўшы галаву ў плечы, таропка прайшоў далей. Усё ж ён баяўся.

   Раздзел трэці

   ПОЎНЯ

   Начаваў зноў у лесе. Па ўзлеску адышоўся далей ад вёскі і скорчыўся на сухой імшарыне пад кустом ядлоўцу. Ноч была сцюдзёнаватая. Мабыць, да першых пеўняў ён звыкла дрыжэў і круціўся без сну, усё думаючы і думаючы над недарэчнымі вывертамі свайго нешчаслівага лёсу.

   Усё не пераставаў дзівіцца, як гэтак удала дамогся свайго, відаць, яму ўсё ж здорава пашэнціла, можа, першы раз у жыцці. Праўда, каб ведаў адразу, што чакае яго, мо яшчэ і падумаў бы: ці варта наважыцца на такое? А не ведаў, і мусіць, добра, што не ведаў, не ўяўляў нават. І цяпер во - дома. Як будзе далей, ён не думаў ні тады, ні цяпер, думаць аб тым ён быў бяссільны, не хацеў і спрабаваць марна. Галоўнае - была шчасліва дасягнута нязбыўная яго мара, а там - што будзе. Як у п’яніцы, які імкнецца займець бутэльку, а пра хуткае пахмелле і не думае. Ці як згаладнелы - абы наесціся, а што затым - яго не дужа цікавіць. Здаецца, Хведар спатоліў прагу свае душы, а што будзе далей, хай тое і будзе.

   Ноччу зноў хацелася есці, дзве свае бульбіны ён даўно ўжо з’еў, бадзяючыся па лесе, у кішэні яшчэ былі тры сырыя. Там, пад Котласам ці Сыктыўкарам, няблага елі і сырыя. Калі парэзаць бульбіну скрылькамі на хлеб, як рэдзьку ці бручку, з’ясі за мілую душу. І памагае ад цынгі. Мусіць, прыйдзецца і тут перайсці на сырызну, як скончацца сернікі. Як ён ні бярог іх, засталося ўсяго шэсць штук у дужа пацёртым карабку, а болей дзе возьмеш? У лесе не знойдзеш. Хіба папрасіць у вёсцы? А тут не папросіш. Гэта можна было прасіць у той старане, дзе цябе ніхто ведаць не мог. А тут пазнаюць адразу. Во дзіва, падумаў Хведар, выходзіць, што ў чужой старане лепш, чым у роднай? Да якой імкнуўся, пра якую думаў удзень і ўначы. І дзе столькі знаёмых, суседзяў, аднасяльчан. З кім мінулася яго жыццё. Але менавіта да іх і не паткніся, іх трэба сцерагчыся найбольш. Чаму так сталася? Так не па-людску і не па-боску? Чаму так?

   Цяпер у яго, бы ў малога, былі сотні гэтых чаму, адказаць на якія ён, колькі ні думаў, не мог. Як не мог і ніхто. У каго толькі ён не пытаўся.

   Гэтая ноч, здаецца, была бясконцай, як бясконцымі былі ягоныя турботы ад сцюжы. Ён усё круціўся на вогкім імшыстым доле, курчачыся і так і гэтак, калаціўся, ляскаў рэштаю зубоў, каб як сагрэцца. Але сагрэцца не было як. Ды і дрымотная знямога на мяжы сну моцна трымала яго ў сваіх кіпцюрах, ён то забываўся трохі, штось трызнячы, то прахопліваўся зноў. Вакол было ціха. Апоўначы амаль сціхнуў звыклы лесавы шум, вяршаліны елак у небе зусім пазнікалі ў густой цемрадзі, між хмар трохі пабліскала і знікла высокая зорка. Мусіць, за поўнач недзе пакугікала лясная сава - у балотным баку, за расцяробамі. Урэшце коратка кугікнула апошні раз і змоўкла, бы падавілася. Можа, і ён трохі задрамаў пад ранак, зусім ужо занямогшыся ў барацьбе са сцюжай ці прытрываўшыся да яе.