Аблава

   Так ён зжаваў патроху свае астатнія бульбіны (болей у кішэнях нічога не было), а голаду не спатоліў. Усё роўна хацелася есці. Тады ён падумаў, што трэба пашукаць грыбоў. Сырыя грыбы есці не адважыўся б, але калі распаліць цяпельца... Мабыць, тут можна. Ці зашыцца яшчэ глыбей у лес, туды, да Багавізны. Ужо там, мабыць, яго ніхто не ўпалюе.

   І ён доўга нетаропка брыў ельнікам, не надта ўжо і ведаючы, дзе ён, а ельнік усё не канчаўся, і ніякіх грыбоў вакол не было відаць. Зрэдку трапляліся старыя, мабыць, летнія, счарнелыя мухаморы, і болей нічога. Ці, можа, такі быў год - не грыбны, думаў Хведар, усё болей нудзячыся ад свае няўдачы. Пасля ён павярнуў трохі ўбок - бліжэй да, мабыць, недалёкай лесавой вёсачкі Чазлякі, - ужо там, мабыць, гэтага ельніку не будзе. А ў тамашніх парасніках ён што-нішто знойдзе. Калі не баравікі, дык хоць сыраежкі. Абы толькі там не пасвілі статак. Дзе статак, туды па грыбы хадзіць марна.

   Да Чазлякоў, аднак, ён яшчэ не дабрыў - не ведаў нават, ці далёка да іх засталося, - як на нейкай імшарыне сярод ельніку згледзеў журавіны. Густы россып чырвоных кропелек у дробнай, глянцавітай лістоце, здаецца, нікім не чапаны, бы знарок чакаў яго тут. І Хведар кінуўся ў ягады, пачаў зграбаць іх прыгаршчамі. Ён і еў іх, не дужа выбіраючы, - з лісцем і смеццем, і сыпаў у кішэні, поўзаючы на каленях у сыраватай, але не дужа балоцістай імшарыне. Канешне, журавіны кепска спатольвалі голад, ды іх смак быў прыемны - звыклы ягадны смак, вядомы яму з дзяцінства і не забыты на Поўначы. Там таксама калі-нікалі ён дарываўся да гэтага ласунку, які неаднойчы ратаваў яго, як і сотні такіс самых небарак, ад голаду і хваробы. Толькі там не часта выпадала тое, што тут - бяры хоць кашамі. Шкада, што ў яго цэлыя ўсяго тры кішэні - у штанах і паддзёўцы, - ці многа набярэш у іх. Калі кішэні былі поўныя, ён пачаў грэсці ягады ў шапку і так поўзаў на каленях па імшарыне, аж пакуль не сказаў сабе: годзе! Усяго не з’ясі, а ўзяць з сабою ўжо не было як. На ўсялякі выпадак ён пастараўся прыкмеціць шчаслівую імшарынку - за вялікім ельнікам у бок Чазлякоў. Мо яшчэ спатрэбіцца.

   Трохі павесялеўшы, з цяжкімі кішэнямі і поўнаю ягад шапкай у руках пайшоў далей. Куды - і сам не ведаў. Ельніку, здавалася, не было канца-краю ці, можа, ён узяў няўдалы накірунак?

   Мабыць, і праўда - няўдалы, ён зразумеў тое, як убачыў перад сабой нізкі, без елак, падлесак і за ім нешырокі прасцяг асакі, за якім усчыналіся глухія зараснікі лазы і алешніку. То пачыналася Багавізна, якая ў тутэйшым краі была д’ябальскай, старахавітай мясцінай. Многія пакаленні жыхароў шмат чаго начуліся пра яе ад старэйшых і ў сваю чаргу расказвалі ўнукам неверагодныя і страшныя гісторыі, што там здараліся з людзьмі. Усё незвычайнае і страшнае ў тутэйшай мясцовасці ішло з Багавізны. Ёю палохалі плаксівых дзяцей і п’яных мужыкоў, жадалі ў злосці крыўдзіцелям праваліцца пад зямлю ў Багавізне. Там і сапраўды можна было праваліцца так глыбока, што ніхто не змог бы дастаць. Казалі, там быў нейкі падземны ход ці рака, што злучала тамашнія прадонні з іншымі вірамі і азёрамі. Калі перад рэвалюцыяй у Багавізне залілася Змітракова карова, дык пад восень яе труп знайшлі аж у Белым возеры - праз сем вёрст ад Багавізны, хоць іх не злучала ніякая, нават самая малая рачулка. То быў людзьмі і богам пракляты край - дзесяць вёрст суцэльнае багны і віроў, між якімі ліпелі чэзлыя вольхі, аер, зараснікі трыснягу ды на купінах буяў улетку лазняк. Туды ніколі не хадзілі па ягады, нават журавіны, якіх там заўжды было процьма, не лавілі рыбу. Людзі спрадвеку абміналі тыя мясціны, а калі хто выпадкам туды трапляў дык пасля дзён колькі дрыжэў ад страху і ўпудна крычаў паначы. Зімой Багавізна трохі падмярзала, але яе шматлікія вокны-прадонні нават у самы люты мароз браліся тоненькім лёдам, які не трымаў чалавека. Хіба што ваўка. І ў калядныя марозныя ночы там да ранку гучала выццё шматлікіх ваўчыных зграяў. Некалі там вадзілася багата мядзведзяў, якія не давалі спакою і жыхарам суседніх паселішчаў. Хведар памятаў, як дзед расказваў пра адну такую сустрэчу з касалапым, акрай Багавізны, дзе старога заспела залева і ён мокры схаваўся ў выпаленае пастухамі дубовае дупло. Ліў дождж, было цемнавата, а ў дупле і зусім стала цёмна, калі ў яго сунулася нешта касматае і смярдзючае. Дзед сцяўся, ні жывы ні мёртвы, - мядзведзь так яго прыціснуў шырокім касматым задам, што нельга было дыхнуць. Касалапы зручна ўмясціўся ў дупле, мабыць, мяркуючы адпачыць тут да ранку. Але дзеду адпачываць не было як, яму трэба было араць прыгон, а раней знайсці і забрытаць каня, якога ён пусціў недалёка пасвіцца. І як было вылезці, каб не патрывожыць няпрошанага госця? Доўга дзед думаў, а тады як крыкне, і той мядзведзь, як корак з бутэлькі, выскачыў з дупла, абдаўшы, аднак, чалавека не дужа духмяным рэчывам. Такая была Багавізна.