Аблава

   Хведар павярнуўся прэч ад гіблай мясціны і зноў пайшоў лесам. Прытаміўшыся, сеў пад тоўстым яловым камлём, аблітым белай смалой, патроху еў з шапкі журавіны, думаў. Усё ж як добра ў лесе на волі! Ніхто цябе нікуды не гоніць, ты не патрэбны нікому, як і ніхто не патрэбны табе. Каб так можна было пражыць жыццё! Зрэшты, калісь так і жылі: у хаўрусе з прыродай і лесам, знаходзячы ў ім і пракорм у галодныя гады, і прытулак у часы ліхалецця. Лес абараняў, лес саграваў душу і цела. Хто ж яшчэ большы быў дабрадзей для тутэйшага люду? Мусіць, лепшага не было ніколі. Але гэта даўней. А цяпер во настала часіна - не паратуешся і ў лесе. Людзям заўжды знойдзецца да цябе патрэба ці злосць, знойдуць і пад зямлёй, адшукаюць і ў лесе. Не дай бог адбіцца ад людзей, стаць не такім, як усе. Гэта ён добра зведаў. Аднак і не прыкмеціў, як усё тое сталася, што таму стала прычынай. Вось і ў прыродзе, хто ведае, якія існуюць прычыны, але здараецца амаль тое самае. Яму прыгадаўся выпадак на паўночнай рацэ, калі ён рабіў плытагонам. Неяк сядзеў у дашчаным буданчыку на вадзе, часаў кліна пад аслабелае перавясла, і раптам праз дзверы ў нейкай здзічэлай трывозе куляю ўляцёў верабей, кінуўся яму на плечы, на галаву, аж збіў долу шапку. Хведар ад спалоху ўгнуўся, замахаў рукамі, адбіваючыся ад вераб’я, які праз момант вылецеў у дзверы. Выскачыўшы за ім, Хведар зразумеў прычыну дзіўнага ўчынку птушкі. Аднекуль над плытамі коса шуганула чародка вераб’ёў, і птушкі, бы па камандзе, кінуліся на небараку. Угары закруціўся птушыны клубок, усе люта рвалі аднаго, і хутка ад верабейчыка нічога не засталося. Нават нічога не ўпала на раку, толькі некалькі пушынак-пер’яў ціха апускаліся над вадою. Тут жа, даўшы круты разварот, вераб’іная чародка знікла за лясным абрывам ракі. Хведар тады стаяў і думаў: завошта? Нават і птушкі! Ці гэта такі спрадвечны закон прыроды - каб усе на аднаго? Але чаму на аднаго? Чым гэты верабей разгнявіў астатніх? Нейкім кепскім учынкам? А можа, толькі якімсьці непадабенствам да астатніх, ці можа быць так, што ён і не вінаваты - вінаватая стая? Як у людзей? Ці ў птушак так не бывае?

   Хаця, мабыць, у птушак бывае інакш, чым у людзей. Усё ж у птушак больш справядлівасці. Той выпадак з вераб’ямі ён бачыў у жыцці аднойчы, а людской несправядлівасці нагледзеўся да брыдоты. Кожнага дня.

   Гэты раз ён доўга сядзеў пад елкай, неяк сцішыўшыся, прыдрамнуў, можа. Недзе ўгары, на яловай вяршаліне, гарласта закаркала варона, і ён абудзіўся. Усё ж ягоныя думкі кіравалі далёка ад гэтага ельніку, часцей імкнуліся да вёскі. Ён думаў пра яе там, на Поўначы, думаў цяпер. Пра яе хаты, клопаты, сваіх суседзяў-сяльчан. Пра яе палітыя потам гоні. Яму не было як да яе паткнуцца, але думкамі ён быў там. І яго дужа цягнула туды. Хоць бы і праз небяспеку.

   Мабыць, адвячоркам ён нарэшце наважыўся і зноў рушыў па лесе. Ішоў ранейшым шляхам, туды, адкуль яго выгнаў сабака. Ішоў асцярожна, цікуючы навакол, часта спыняўся, слухаў. Ды навокал было ціха і пуста. Вецер угары, мабыць, уняўся пад вечар, елкі стаялі роўна і супакоена, бы ў задуменні. Той статак, мабыць, ужо брыдзе каля выгана, падумаў Хведар, злы сабака рупліва падганяе ззаду каровак. Людзі таксама імкнуцца з поля да свайго жытла; напроціў начы ў лесе наўрад ці хто будзе.