Аблава

   Яны тады гналі плыты па сцюдзёнай паўночнай рацэ - цэлую плывучую чараду з бярвён на тысячы кубаметраў драўніны. Было іх трынаццаць чалавек у брыгадзе сплаўшчыкам, а брыгадзірам быў Кузняцоў, сярэдніх гадоў барадаты мужчына, які не першы год рабіў тут на сплаве. Ён добра ведаў раку і ўсе яе павароты, мелі і перакаты, умеў у свой час збочыць, каб абысці небяспечны зліў, не рассыпаць звязкі, не налезці на камень ці на якую пясчаную выспу. З людзьмі быў строгі, малагаваркі, не любіў гультаёў і слабасільных (што, дарэчы, было для яго адно і тое ж). Мусіць, з гэтай прычыны Роўба трапіў у яго брыгаду, бо быў тады цягавіты і паслухмяны. Знайшлася, аднак, прычына, па якой ён ледзьве не вылецеў з плытагонаў. Пасля смерці жонкі не было на каго пакінуць дзесяцігадовую Волечку, і ён мусіў узяць яе на плыты. Але браць на такую работу дзяцей там забаранялася, і Кузняцоў, убачыўшы плытагона з дзіцём, тут жа адправіў яго ў кантору. Мабыць, ён думаў, што Роўба будзе спрачацца ці, можа, прасіцца, але той пакорліва сабраў сваю торбачку, узяў за руку дачушку і, сказаўшы «да пабачэння», смірна пайшоў да сходцаў. З берага ён апошні раз азірнуў плыты і ўбачыў брыгадзіра, які, стоячы на тым самым месцы, пазіраў на яго. І раптам брыгадзір махнуў да яго рукой - маўляў, вяртайся! Хведар гэтак жа моўчкі вярнуўся, як і ішоў, і Кузняцоў сказаў са злосцю: «Заставайся. Толькі глядзі - засыплешся, я нічога не знаю. Паняў?» - «Паняў», - сказаў Хведар, ураз акрыяўшы душой ад такога павароту лёсу. Сапраўды, ён ужо прывык да думкі, што будзе працаваць на сплаве, яму падабалася рачное прыволле, лясныя берагі навакол і высокае вольнае неба ўгары. Цяжкое працы на плытах ён не баяўся, - мабыць, цяжэй, чым на тарфянішчы ці на лесапавале ў тайзе, не будзе. Зноў жа пры ім будзе Волечка, і на ягонай душы не будзе шчымець кожны раз за дзяўчынку - як яна там, галодная, ці не пакрыўдзіў яе хто, малую? Як была жывая маці, тады ўсё здавалася прасцей, болей звыкла, хоць і тады Волечка цэлымі днямі сядзела ў халодным бараку, у той час як маці завіхалася на лесасецы. А цяпер у пасёлку не засталося ніводнай роднай душы, а людзі было розныя, зборныя з усёй краіны, як было пакінуць на месяц ці на два дзіця без нагляду? Хведар дужа ўдзячны быў брыгадзіру за яго дабрыню і на плытах ірваў жылы за двух.

   Каб ён ведаў, чым абернецца тая дабрыня, дык бы ён лепш кінуў дзіця ў тайзе, у незнаёмым паселішчы на беразе, сярод чужых, незнаёмых людзей. О, каб тое знаццё...

   На плытах Волечка не сядзела без працы, хоць і малая, але па характары была дужа прыслужлівая і чым магла памагала строгім, маўклівым дзядзькам. Праз дні два брыгадзір паставіў яе памочніцай да кашавара Краўца, ціхага, рахманага чалавека, самага старога з усёй іх брыгады. Той увогуле някепска ставіўся да малой, не крыўдзіў. Мо часам крыкне, калі што зробіць не так ці не ў час, але без злосці. Без злосці - гэта галоўнае. Не тое што ягоны зямляк Рагаўцоў, нервовы, зласлівы чалавек, што бясконца лаяўся брыдкімі словамі. Лаяўся з якой дробнай ці вялікай прычыны, а часцей - без усялякай прычыны - ад свае нутраной злосці. Кожны раз, як Хведар чуў тое, яго бы цвіком працінала ў сэрцы. Спярша ён стараўся, каб як засцерагчы Волечку, каб яна не чула таго. І як Рагаўцоў блізка лаяўся, ён пытаўся ў дачкі пра што-небудзь ці пасылаў яе на другі канец плытоў. Але неяк раз, як гэты Рагаўцоў асабліва брыдка абкладаў пры малой баб, што ўбачыў на беразе, Хведар не стрываў і стрымана папракнуў чалавека - маўляў, усё ж нягожа так пры дзіцяці распускаць язык, можна б трохі і па-людску. Рагаўцоў тут жа ўскрычаў, што ссыльны Роўба яму не ўказ, бо ягоная лаянка - дробязь для таго, хто нелегальна возіць старонніх і тым груба парушае рэжым. Вось ён возьме ў бліжэйшым пасёлку і «стукне», і тады ягоная дачушка ўчуе яшчэ не такое на бліжэйшым этапе, куды яе запратораць разам з яе чыстаплюем-бацькам.