Аблава

   Хведар так збянтэжыўся ад тых нахабных нялюдскіх слоў, што проста не знайшоў, як адказаць. Здаецца ён ужо нагледзеўся людской подласці ва ўсіх яе нечаканых праявах, але такой не прадбачыў. Увечары, як яны прайшлі Вусцюжную мель, ён ціха сказаў аб тым брыгадзіру, думаў, можа, брыгадзір заступіцца, папракне Рагаўцова. Але той толькі насупіўся і сказаў: «Гэны ўсё можа». - «Дык што ж мне рабіць?» - разгублена спытаў Хведар. І Кузняцоў, утаропіўшы ў яго суровы погляд, сказаў: «Будуць чужыя - хавай дачку». - «Куды ж схаваеш на плыце?» - шчыра здзівіўся Хведар, на што атрымаў хуткі адказ. «А пад плытом і схаваеш», - кінуў брыгадзір і пасігаў сабе па слізкіх бёрнах у хвост да стырнавога. Хведар застаўся стаяць, не ведаючы, сур’ёзна гэта ці, можа, для здзеку? Толькі спакваля да яго разуменне прыйшло: а праўда! Можна ж схавацца ў ваду, за плытом. Волечка ўжо навучылася няблага плаваць, будзе трымацца за бервяно, мо не ўтопіцца. Толькі адно нядобра - лета ўсё ж канчалася, вада пасцюдзянела, яны на плытах ужо не купаліся, толькі трохі мыліся ўранні.

   Хто ведае, ці спраўдзіў сваю пагрозу той злыдзень Рагаўцоў, калі на плыт для праверкі ўскочыў вохравец з раённай камендатуры, як яны сталі перад Усысвінскім перакатам. Бывала, тыя вохраўцы наведваліся і раней, але так, больш для прыліку, спытаюць што-нішто ў брагадзіра, зірнуць сюды-туды і спяшаюцца на бераг. Гэты ж, мардаты, прыземісты шлапак у даўгім шынялі, пагаманіўшы з брыгадзірам, відаць, намерыўся прайсці па плытах да кармы, і ў Хведара нядобра скаланулася сэрца. Ён стаяў з багром у руках па правым баку плыта, а праз пяць крокаў ад яго, трымаючыся за вяроўчыну, сядзела ў вадзе Волечка, толькі як светлая галоўка зыбалася на паверхні. І вось ворхавец спыніўся пасярод плыта, пагойдаўся на таўсцейшым камлі бервяна і завёў з брыгадзірам гаворку пра хітрасці тутэйшай рыбалкі, якую блясну болей любіць увосень сёмга. Час быў не позні, але ўжо далёка не паўдзён, з усходу дзьмуў халаднаваты вецярок. Унутры ў Хведара мярцвела ад нецярпення, калі слухаў тую недарэчную размову. Але во, здаецца, яны ўжо будуць вяртацца, ужо павярнуліся, каб ісці. І зноў сталі. Вохравец пачаў нешта паказваць на тым беразе, і Хведар моўчкі праклінаў яго: каб ты здох, кот мурлаты! Волечка ўжо, мусіць, здранцвела ў вадзе пад плытом. А той з брыгадзірам бясконца доўга ішоў па нерухомых плытах, пасля доўга таптаўся на беразе, усё азіраючы раку. Хведар стаяў і напружана думаў: стукнуў Рагаўцоў ці не? Урэшце вохравец знік за кустамі на беразе, а ён ледзьве выцягнуў Волечку на бярвенне - ужо тая пасінела ад сцюжы і не магла вымавіць слова. І зубкі яе дробна стукалі, і вусны ніяк не маглі скласціся для зграбнага слова. Дрыготкімі рукамі бацька выціраў яе грубай мешкавінай, цёр худзенькія плечы, запалую грудку, а пераапрануць у сухое не было ў што, і ён здзеў сваю світку, неяк укруціў дачушку. Прыйшоў Кузняцоў, убачыў усё, зразумеў і скінуў ватоўку - на ўхутай! Дзякуй яму, ухутаў. Пасля Кравец нагатаваў вады, і ён паіў яе кіпнем - здаецца, неяк сагрэў дзяўчо.

   На ноч паклаў на іхнім звычайным месцы, ззаду за буданчыкам, на звільгатнелых улежаных трантах, ухутаў мешкавінай і брыгадзірскай ватоўкай. Спярша сагрэлася і заснула, і ён, седзячы побач, думаў: мо яшчэ і абыдзецца. Ды не абышлося. Пад ранак запылала дачушка, усчаўся вялікі жар, прасіла ўсё піць, жалілася: баліць галоўка. Ён усё паіў яе цёплай вадой, іншага нічога ў іх не было - ні лекаў, ні якіх зёлак. Раніцай трохі задрамала, але была гарачая, а яму трэба было заступаць на стырно. Наперадзе, сказаў брыгадзір, быў самы трудны ўчастак шляху, трэ было глядзець пільна. Але, як ні глядзелі, усё ж пасадзілі крайні плыт на каменне, ледзьве здзёрлі яго пад абед. За той час ён якіх пару разоў наведаўся за буданчык, і ў яго кожны раз ападала сэрца - кепска было дачушцы. Як на тую бяду, абапал ракі плылі таежныя, без аніводнага паселішча берагі, цягнуліся голыя абрывы, і над імі высіўся хвойны дрымучы лес. Брыгадзір бачыў ягонае гора і, здаецца, спачуваў яму, сказаў: у канцы тыдня прыйдзем у Мезу, там ёсць амбулаторыя, можа, зносім туды малую. Нібы збаўлення, Хведар прагна чакаў тае Мезы ўдзень і ўначы, сам не кладучыся ні на хвіліну, усё то варочаў стырном, то багром, бегаў па зыбкіх плытах, штораз заглядваючы за буданчык. Волечцы рабілася ўсё горш. На трэці дзень яна ўжо не пазнавала яго, толькі прасіла адагнаць птушак. Спярша ён здзівіўся: якіх птушак? А тады зразумеў: яна ж трызніць. Наступнаю ноччу неяк сцішылася і неўпрыкмет адышла з гэтага свету. Назаўжды адляцела, як светлая малая птушачка, яе чыстая дзяўчачая душа...