Аблава

   Да паўдня яна ляжала ўсё там жа, за буданом на трантах, і яны не ведалі, што з ёй рабіць. Тады брыгадзір выдраў з будана тры дошкі, якія былі там заместа падлогі, сказаў Краўцу збіць труну. Той і праўда збіў - маленькую, на метр, скрыначку, у якую паклалі худзенькае збялелае цела Волечкі. Ну а як пахаваць? Навокал вада, плыты нідзе не прыстаюць да берага, што ім рабіць? І брыгадзір надумаў заднім плытом трохі падграбці на павароце да берага (спыніць жа гэтую аграмадзіну было немагчыма) і па водмелі знесці труну на бераг. Хведар скочыў з плыта раней, яны перадалі яму труну, і ён, стоячы па грудзі ў вадзе, прыняў яе. Пакуль выбраўся на сухое, дужа намок, намачыў нежывую дачушку, пасля ўзлез на абрыў і агледзеўся. Скрозь на беразе сцяной стаяў лес - елкі і піхты. У адным месцы была невялічкая прамыіна, і на адным баку ля яе ўтварыўся роўны зграбны мысок. Неяк усцягнуў на гэты мысок труну і ўзяўся капаць магілку. Мусіць, у каменным жвіры капаў доўга і трудна, але ён не прыкмячаў таго, ён увесь час горка плакаў, не стрымліваючы слёз. Жыццё адняло ў яго апошнюю радасць, адзіную яго ўцеху, і Хведар думаў: што яшчэ чакаць ад яго? Што яно можа адабраць яшчэ? Пасля ўсяго, што з ім сталася, уласнае жыццё траціла ўсякі кошт, ён не надта і даражыў ім; яно даўно зрабілася невыносным. Таго Рагаўцова, як ён позна ўвечары дагнаў плыты, ён не мог бачыць ад нянавісці і крыўды. І не мог зразумець, як гэта іншыя, і брыгадзір Кузняцоў таксама, паводзілі сябе з тым злыднем, нібы нічога і не здарылася. Ці яны нічога не разумелі? Ці баяліся яго? Ці яшчэ што? А Хведару ўсё ж спачувалі. Кравец ціха войкаў, круціў галавой, брыгадзір жа зацята маўчаў, здавалася тады, ён ні пра што іншае і не дбаў, апроч як пра свае плыты. Але як нарэшце прыйшлі ў Котлас і збылі на лясной біржы свой лесавы караван, гэты Кузняцоў паклікаў яго за рог складской будыніны, дзе не было нікога, і сказаў: «Даведка трэба?» - «Даведка? А дзе яе ўзяць?» - не зразумеў Хведар. «На, трымай, - сказаў Кузняцоў, азірнуўшыся, і сунуў у ягоныя рукі складзены квадрат паперкі. - Бярог для сябе, але, гляджу, табе самы раз будзе».

   Хведар узяў тую даведку на імя Зайцава Андрэя Фаміча, яна і праўда неўзабаве дужа яму спатрэбілася. І ён быў бы шчыра ўдзячны брыгадзіру, калі б не тая цана, якую ён за яе заплаціў. Тая непамерная цана замінала яго ўдзячнасці, і ён часам думаў, што ў параўнанні з загубленай дзіцячай душой усё тое - дробязь.

   Поўня на небе ярка свяціла між хмар зыркім сцюдзёным святлом, кладучы наўкось на магілах частыя цені ад крыжоў. Воддаль на выспе пад хвоямі стаяў чорны змрок, які шырокім і даўгім ценем амаль дасягаў дальняга краю могілак па-над выганам. Тут жа было ўсё добра відаць - кожны крыж і кожная купінка магілы. І толькі калі ў небе насоўвалася суцэльная хмара, тады ўсё навакол патанала ў цемрадзі. Хведар нібы заплюшчваў вочы і невідушча стаяў між магіл. Увогуле тут яму было добра, нават спакойна і ўтульна: ён нібы далучаўся да аднасяльчан і ладзіў з імі нетаропкую маўклівую бяседу - і пытаўся, і скардзіўся, і разважаў. Шкада, што не меў адказу, ну але ўжо ён прывык да таго, нібы аглух за многія тыдні свайго адзінокага блукання. У задуменні тупаючы між магіл, напаткаў і дбайна прыбраную магілу - на схіле бліжэй да крайніх аграмадзін-хвояў. Тут сапраўды кідаўся ў вочы дагляд і дбайнасць - магіла было роўненька абкладзена дзёрнам і свежа пасыпана дробным белым пяском, васьміканцовых крыжоў мясцілася аж два разам - меншы і большы за ім, абодва фарбаваныя белаю фарбай. Поруч прыткнулася спрытная, бы дзіцячая, лаўка, на якую, стаміўшыся, прысеў Хведар. Хто тут пахаваны, ён не мог здагадацца. Ужо, мабыць, не стары, не дзед і не баба, магілы старых так на ахаджваюць. Можа, гэта так пастаралася жонка для любага мужа? Але жонка наўрад ці зрабіла б усё так майстроўна і дбайна. Тады муж - жонцы? Ці хутчэй за ўсё бацькі - свайму дзіцёнку, мабыць, так. Але нідзе не напісана нічога - безыменная магіла, навек прапісаная толькі ў сэрцах, блізкіх нябожчыку.