Аблава

   А ў яго Волечкі, мабыць, няма ўжо і купінкі...

   Доўжылася ціхая месячная ноч. На могілках стала сцюдзёнавата, надвор’е ці не меціла павярнуць на замаразкі, думаў Хведар, панікла седзячы ля прыбранай чужой магілкі. Яму нікуды не хацелася рушыць адсюль, тут ён, як нідзе ў іншым месцы, адчуваў сябе ў спакоі, адноснай бяспецы. Мусіць, недзе пад ранак закацілася-знікла поўня, навакол стала цёмна, бы ў склепе. Да начной цемрадзі Хведар, аднак, даўно прызвычаіўся, цемра яго не палохала. І ён сядзеў, прыпамінаў, думаў. Жаваў кіслыя журавіны, ашчадна выбіраючы з кішэні па две-тры ягады разам. І, мабыць, трохі драмаў. Толькі, як заўжды, пачала даймаць сцюжа. Да сцюжы ён не мог прызвычаіцца, асабліва пад старасць, на дрэнных харчах і пакутаваў ад яе ў ссылцы і тут во таксама. Можа, таму, што намёрзся, як ніхто за жыццё. Не ўмеў грэцца, як іншыя, ляскаючы сябе рукамі, прысядаць і тупаць. На сцюжы ён дубянеў, сціскаўся, нерухомеў - трываў. Таксама як трываў голад, знясіленасць, ганьбу. Ужо нямала гадоў усе яго намаганні ішлі на адно толькі - трываць. Ён не ўзрываўся, як некаторыя, калі, здавалася, трываць было неяк, не абураўся ад кепскіх харчоў, зверскай працы ці людской несправядлівасці, толькі сціскаў зубы, калі тыя яшчэ былі ў яго, і - трываў. Мусіць, не было ў свеце такіх абставін, якія б ён не навучыўся трываць. Апроч хіба аднаго - няволі-журбы расстання. Тут ужо ён не мог перайначыць сябе, ягоная натура насуперак усім абставінам імкнулася дамоў - праз безліч небяспек і нягод. Тады, першы раз, не ўдалося, не пашэнціла другі раз. Затое дамогся таго трэцім разам і цяпер быў амаль шчаслівы. Дык што яму цяпер сцюжа! Ці голад! Урэшце ён быў там, дзе марыў апынуцца пяць жахлівых гадоў. Што яму болей?

   Мусіць, трэба было ісці ў лес, каб ранкам не налезці каму на вочы, але ён разморана бавіў цёмны перадсвітальны час, вагаўся. Яшчэ праз нейкі нядоўгі час прыкмеціў, што на могілках стала відней, выступілі са змроку бліжнія магілы і крыжы, і ён зразумеў: світае. Ускраек неба над лесам ужо засвятлеўся на самы першы зачын новага дня, і ён устаў з лаўкі. З’явілася думка менавіта такою гадзінай, на ціхім золку, пакуль не абудзілася вёска, яшчэ прайсці па вуліцы - хто ведае, можа, астатні раз, болей ужо не прыйдзецца. А цяпер, можа, ніхто не згледзіць.

   Вузенькай дарожкай паміж магіл прайшоў праз густы змрок тоўстых хвояў і выйшаў з-пад іх на вясковую вуліцу. Дахі дамоў, вяршаліны вулічных дрэў, садкоў толькі выплывалі са змроку, вуліца і двары ляжалі яшчэ ў цемрыве, ніклі ў санлявым спакоі вясковыя хаты, прызбы, платы; густаваты змрок туліўся пад абвіслымі стрэхамі хлявоў і дваравых будынкаў. Хведар ціхенька прайшоў да сярэдзіны вёскі. На нейчым плоце вецер варушыў стракатую анучу, згледзеўшы якую Хведар падумаў з трывогай: аднак добра світае, мабыць, ён усё ж прапазніўся. І ён паддаў кроку. Ён ішоў краем вуліцы, ашчадна і мякка шорхаючы ў мураве пасталамі, толькі сюды-туды зыркаў позіркам - хацелася як найбольш убачыць, заўважыць, запомніць. І раптам ягоны позірк застыў у недаўменні: насупраць за тынам шарэў нейчы ўважлівы жаночы твар, скіраваўшы на яго здзіўлены позірк цёмных вачэй, якія ўвачавідкі пачалі шырэць, акругляцца ў нямым раптоўным здзіўленні. Ён нічога болей не бачыў там - ні апраткі, ні нават хусткі на галаве, адзін толькі гэты погляд азваўся ў ім раптоўнай здагадкай: «Любка». І ён стаў. За два крокі ад яго былі варотцы ў двор, ён тузануў іх, не ведаючы яшчэ, навошта гэта зрабіў, расчыніў у двор. Жанчына, бы страціўшы мову, глядзела на яго, невядома, пазнаючы ці не, а затым здзічэла-голасна закрычала: «А-а-а-ай!» і кінулася назад, на ганак. Ён скалануўся ад спалоху, але стаяў у варотцах і ўчуў, як у хаце грукнулі дашчаныя дзверы і тут жа лязгнула засова.