Аблава

   Хай яна спрахне, тая малатарня, навошта ён з ёю звязаўся! Малаціў бы, як і раней, цапамі, ужо не так шмат было таго збожжа, каб яго за зіму не абабіць на таку ў тры цапы. Дык не, захацелася, каб культурна, каб малатарняй...

   Як цяпер помніцца, думку пра тое падаў сын Міколка. Тады ўжо ён быў ладны дзяцюк, увосень збіраўся на прызыў у Чырвоную Армію і лічыўся сакратаром камсамольскай ячэйкі ў Нядолішчы. Як ён стаў сакратарыць, у хаце паявіліся газеты і брашуры, некаторыя цікавыя часопісы, як «Бязбожнік», напрыклад. Звычайна сын быў дужа заняты дзень і чытаў толькі ноччу пры лямпе, а назаўтра што цікавейшае падсоўваў бацьку - то артыкул у «Беларускай вёсцы» пра падаткі і самааблажэнне, то выступленне таварыша Сталіна пра апазіцыю, а то брашуру наркома Прышчэпава пра культуру сельскай гаспадаркі. Хведар чытаў збольшага, не дужа ўсё разумеючы, але галоўнае ён цяміў спраўна: жылі сапраўды кепска, бедна, малакультурна, гаспадарку вялі няправільна. Гэта - вядома, на кепскае ён даволі нагледзеўся. Але як гаспадарыць правільна? Мусіць, каб правільна весці гаспадарку, аднаго ведання мала, патрэбны грошы, інвентар, угнаенні. Каб было больш угнаення на яго гектары, завялі другую кароўку, выгадавалі цялушачку, хоць малака для іхняй сямейкі хапала і ад адной галавы. Гады чатыры перад тым Хведар, можа, самы першы ў вёсцы, купіў у Полацку плуг - новенькі, фабрычны, афарбаваны ў сіні колер, з роўненька вытачанымі дубовымі ручкамі. Спрытны аказаўся плужок, адна радасць была араць ім, нават прыходзілі паспрабаваць суседзі. Пасля купілі плугі і яшчэ некалькі мужыкоў. Плугі ўсім падабаліся.

   І вось неяк увосень позненька ўвечары прыходзіць Міколка. Стомлены, згаладнелы, у гразкіх ботах, аказваецца, быў на нейкай нарадзе ў раёне. Маці хутчэй міску на стол, ён з’еў троху і кажа: «Бацька, а давай купімо малатарню. Ёсць такая магчымасць праз патрэбкааперацыю. Грошы можна не разам - у россрочку». Хведар адказаў не адразу, падумаў. Канешне, яно б дужа не блага, тая малатарня, ён ужо бачыў такую ў суседняй вёсцы Шаўцы. Летась там тры ці болш гаспадаркі склаліся і купілі, казалі, добра малоціць, дужа давольныя былі мужыкі. І лягчэй, чым цапамі, і хутчэй. Але ж... Бы чула ягонае сэрца, чым тое можа абярнуцца. Ужо ведаў прыкмету: новае і небывалае ў сялянскім жыцці - часта пахне махлярствам ці дурасцю, і трэба папярэдне прыгледзецца, каб не ашукацца. Ён так і сказаў сыну, а той толькі засмяяўся: як гэта ад малатарні можа быць кепска? Гэта ж за тыдзень з малацьбой можна ўправіцца, не тое што ўсю зіму цапамі махаць. Яно так, канешне, думаў Хведар, ды ўсё маўчаў, вагаўся. Уранку, як Міколка пабег па сваіх камсамольскіх справах, асцярожна параіўся з Гануляй і вырашыў: купім. Пакуль не перакупіў хто спрытнейшы з якой іншай вёскі.

   Малатарню прыцягнулі на трэці дзень пасля пакроваў. Памог швагер Тамаш, доўга ладзілі пад павеццю прывад з драўлянымі дышламі і жалезнымі прэнтамі перадачы. Адклаўшы свае камсамольскія справы, памагаў і Міколка, усё ж ён таксама разбіраўся ў сучаснай сялянскай тэхніцы. Урэшце ўсё наладзілі і апробавалі новую машыну. Ну, канешне, ніякага параўнання з цапамі - і хутка, і якасна. Праўда, народу для абслугі трэба болей, чым на таку; развязваць перавяслы, падаваць на стол, затым адзін машаніст, самы галоўны чалавек на малатарні, двое адграбаць зерне і прыбіраць салому. І яшчэ паганяць коней у паветцы. Чалавек шэсць, не меней, патрабавала да сябе тая малатарня. Але ўсё апраўдалася. Малацілі талакой, гаспадаркамі дзвюма ці трыма адразу, як калі складвалася. Хведар нікому не адмаўляў, меркавалі як хто хацеў, а плацілі, хто колькі мог. У залежнасці ад намалоту, канешне. Усё па добрай волі, што ж ён які эксплуататар для сваіх сяльчан? Мусіць, ён бы даў малаціць і дарма, але трэба былі грошы, усё ж малатарня каштавала не дзешава, і хоць узялі ў крэдыт, але сплочваць трэба было кожны квартал. Да каляд памалацілі ўсе суседзі і некаторая яго радня. Нават прывозілі з суседніх вёсак. Усім малаціў Роўба.