Аблава

   Нядоўга, аднак, пагрукацела на ягоным таку тая чырвоная малатарня. У наступную восень прыйшоў той самы сельсавецкі старшыня Сокур, з ім яшчэ нехта вусаты з раёна і апячаталі. Аказваецца, дапусціў ён эксплуатацыю, непрацоўны даход. «А як жа цяпер? Што будзе?» - пытаўся Хведар. «Што будзе, тое і будзе», - цьмяна адказаў вусаты, зашчапляючы свой пацёрты партфельчык. Яны ўдвух, не азіраючыся, пайшлі са двара, а ён моўчкі стаяў ля варот, ужо адчуваючы, што гэта - не страта малатарні. Гэта - пачатак і яшчэ большай бяды, што чорнай варонай закружылася над яго галавой. Міколкі ў той час ужо не было дома, месяцы два, як прызвалі на вайсковую службу, адправілі на далёкаўсходнюю граніцу. Прыслаў адтуль першы ліст, апісваў, як адказна і пачотна служыць на самай баявой граніцы, «у непасрэдсцвенным сапрыкаснавенні» з японскімі самураямі, і што давер родзіны ён апраўдае. Хведар скупа яму адпісаў пра іхняе жыццё, але пра малатарню не ўставіў ні слова. Хай сын служыць спакойна, апраўдвае давер родзіны.

   А ў Нядолішчы на той час заварыліся малавясёлыя справы. Знайшліся зайздроснікі, як той Зыркаш, якія напісалі на яго за малатарню ажно ў Полацк - што абірае сялян. Але ж хіба ён абіраў?.. А як сталі размяркоўваць цвёрды падатак, адразу ўспомнілі тую матараню, і Сокур сказаў, што тут будзе па справядлівасці, на малатарні Роўба нешта заробіў. Хведар не ведаў, як адказаць: коратка адказаць ён не ўмеў, а доўга тлумачыць не было як. І выйшла так, што старшыня меў рацыю: заробіў Роўба ці не, але ў вёсцы другой малатарні не было, і цвёрды падатак прыляпілі яму законна.

   Цяпер, падумаўшы, дык разумееш - на чарта яму здалася тая малатарня? Лепей бы, як спрадвек, малацілі цапамі, мелі б які-ніякі хлеб і сваё жытло. І не мелі б таго няшчасця, што, як з прорвы, абрушылася затым на яго сямейку.

   Але, мусіць, тады нічога ўжо не ўратавала б, малатарня была толькі прычэпкай. Так ужо калі гружаны воз пахінецца ў калдобіне, дык, як ні хапайся рукамі, абернецца, адзін бок перасверыць другі. Тая малатарня была толькі апошнім давескам, які перасверыў яго і без таго нахілены воз жыцця. Бо яго пазначылі, як пазначаюць памаўзлівую скаціну ў статку, нейкая адзнака асаблівасці з’явілася на ягоным прозвішчы ў сельсавеце ці, можа, у раёне. Той цвёрды падатак - семдзесят пудоў збожжа ён неяк сплаціў, хоць падмёў усе хлебныя засекі ў клеці - вывез усё да першага сакавіка, як і прадпісвала абвестка. Галаднавата стала ў іх на стале, невядома, чым было засеяць яравы клін: засталося пуды два ячменю і трохі аўса. І ён не ведаў: ці прыкупіць астатняе, ці пазычыць у каго? Ён яшчэ не надумаў, як яму выкруціцца з ярыной, калі прынеслі новы, яшчэ болей цвёрды, падатак: на гэты раз восемдзесят пудоў збожжа і сто рублёў грашыма. Ён сказаў сабе: з глузду яны там з’ехалі, дзе ён гэтулькі возьме? Бегаў у сельсавет, ездзіў у раён да знаёмага сакратара Церабільнікава, які яшчэ з ягоным Міколкам разам працаваў у камсамоле, - скардзіўся, тлумачыў, прасіў. Не, не памагло нічога, сказалі: не сплоціш у срок, апішам усю гаспадарку, «в том чысле будынкі і жывёлу». Пабедаваў з тыдзень і пачаў хадзіць па радні, сваёй і жончынай, па хоць бы трошку заможных людзях у вёсках. Але ўсе нібы здранцвелі, аглухлі да чужой бяды, ніхто нічога не даў. Мусіць, кожны думаў, як выкруціцца самому, бо Роўба ўжо не першы быў абкладзены цвёрдым падаткам, чуў, такі ж падатак панакладвалі і ў іншых вёсках. Тады кінуўся прадаваць малатарню, абвясціў у вёсцы, у суседніх паселішчах. Ды ніхто не купляў, не пытаўся нават. Мусіў папрадаваць жывёлу, абедзвюх кароў, усе авечкі, дзвюх свіней. Дурны быў, не ведаў, што дарма ўсё гэта, не ўратуе і квітанцыя аб поўным разліку. Нічога, мабыць, ужо не магло ўратаваць, калі хтосьці надзяліў яго паганым з страшным словам «кулак».