Аблава

   Неяк тады, бегаючы па грошы, спаткаў у мястэчку Наэма, старога яўрэя, з якім калісьці меў справу, як купляў малатарню, ды заходзіў да яго і раней. Дружбы між імі вялікай не было, але Наэм мог пазычыць грошы і нават пачакаць, калі не выпадала аддаць, як дамаўляліся, ці замест рублёў мог узяць яйкі, масла ці нават пару мяхоў бульбы. Заўжды дзелавы, рухавы Наэм брыў па вуліцы, бы нічога не заўважаючы вакол. Усё ж Хведар павітаўся, і яны разгаварыліся трохі, і тады Хведар дазнаўся, што і ў Наэма таксама нелады з уладай. Як Хведар паскардзіўся на сваю бяду, стары яўрэй узяў яго за гузік і дужа пацягнуў да сябе. «Я табе скажу: кідай усё, бяры дзяцей у ахапку і ўцякай. Куды? Няважна куды, - куды вочы глядзяць. Пасля позна будзе... Гэта табе кажа Наэм! Я ўсё кінуў і во з гэтым вандзэлкам іду на станцыю. Я тут не жыхар болей! Я - бежанец! Ты мяне паслухай, Хведар!»

   Не, тады Хведар яго не паслухаў: як гэта ўсё кінуць? А зямля, гаспадарка? І куды падацца? Тут усе яго карані, вяскоўцы, радня - як ён можа з’ехаць куды ў непрытульны, нязнаны свет?

   Ён пражыў у Нядолішчы яшчэ месяцаў дзесяць. Нярадаснае было тае жыццё, бясхлеб’е і посніца надоўга пасяліліся ў ягонай хаце. Хведар дык яшчэ неяк трываў, сцяўшы зубы, а Ганулька пачала часта плакаць, асабліва ўранку ля печы, як бралася варыць ежу і нешта трэба было ўсыпаць у чыгун, пакласці на патэльню. Для малой Волечкі хадзіла па малако ў вёску да Лёксы ці да Грачыхіных. Тыя ім спачувалі, перажывалі іхнюю бяду, бы сваю, і чым маглі памагалі. Мусіць, тады ён схадзіў і да Цыпруковага Зміцера, які трэці год быў вінен яму трыццаць рублёў грошай. Быў вінен з той малацьбы і не аддаваў, і Хведар не мог напомніць яму - было ўсё ж няёмка, бы ён дамагаўся чаго незаконнага. Дарма тады не паслухаў Ганульку, якая, калі ён сабраўся ўвечары да Зміцера, сказала: «Не ідзі! Хай яны згараць, тыя трыццаць рублёў, калі ён такі чалавек нягодны...» Мусіць, нягодны, нават напэўна так, думаў Хведар, але ж сам трапіў у нявыкрутку, як тут не пойдзеш. Пайшоў і, канечне ж, атрымаў дулю. Не меў грошы Зміцер ці не схацеў аддаць - хто яго ведае, толькі дужа нядобра пагаварылі яны, і Хведар, прыйшоўшы дамоў, зацята маўчаў да ранку. Яно, можа б, і нічога асаблівага, можа б, як і абышлося і без тых грошай, калі б гэты Зміцер не быў у актывістах камбеда. Калі пачалося самае страшнае - раскулачванне, менавіта ён і прапанаваў на пасяджэнні раскулачыць Хведара Роўбу. Як лішэнца і цвёрдападатніка. Што ж, яго паслухалі, Хведара выслалі. Правялі класавую барацьбу на вёсцы, а тая трыццатка так і засталася за Зміцерам. Хай карыстаецца на здароўе. Хведару не шкада грошай, толькі яшчэ болей сумна зрабілася ад таго на свеце.

   Недзе ўгары свяціла негарачае сонца, вяршаліны елак воддаль ціха гарэлі ў ягоных бліскучых промнях. На іх голлі грэліся вароны, часам пералятаючы кудысь - на суседнія елкі, ці што? Унізе ж, пад ляшчыннікам, стыў сыраваты засень, было халаднавата, і Хведар колькі разоў ужо варочаўся то адным, то другім бокам, каб не дужа застуджацца ад зямлі. Ён прыдрамаў трохі, можа, з гадзіну ці больш, пасля апроч сцюжы яму стаў дапякаць голад, і ён сеў пад кустом. Карцела пайсці ў поле па бульбу. Можа, там ужо ўсё выбралі, людзей на палетку, мабыць, няма, і ён што-нішто знойдзе. Якіх дзесятак пакінутых у зямлі бульбін - то, мабыць, не будзе кража. А калі і кража, дык не дужа вялікая. Калгаснікі яму даруюць. Усё ж яны ўзялі ад яго болей - адна сядзіба чагосьці каштуе. Дый малатарня таксама. А яму спатрэбілася ад іх якое паўвядзёрка бульбы. Не так ужо і многа.