Аблава

   Недзе тут, у лесе, між негустых таўшчэзных хваін, павінна была трапіцца яму старая дарожка, але ён не стаў шукаць яе, пайшоў наўпрост. Стомлены, згаладнелы, з настылымі мокрымі нагамі, ён не мог адолець у сабе трывожнага неспакою і міжволі імкнуўся наперад - каб толькі хутчэй. Часам нават забываўся на асцярогу і шыбаваў наўпрост, праз хмызняк і кустоўе, хрускаючы апалым суччом; перайшоў беразнячок-падлесак і выбраўся на амаль чысты і голы расцяроб-дзялянку. Дзесьці паблізу была і ягоная дзялянка, дзе ён са шваграм Тамашом пілаваў узімку бярвенне, падлетак Міколка памагаў тады абсякаць суччо. Дзе цяпер той Тамаш?..

   Усё ж ён трохі прабег па зарослай травой лесавой дарожцы - ісці спакойна ўжо не ставала сілы, - усё ў ім імкнулася наперад, туды, дзе на ўзлеску павінна было паказацца поле і ягоная асірацелая без гаспадара сядзіба. Канешне, не пустуе, хтось там жыве... А няшчасны гаспадар, здаецца, траціў развагу ад нецярпення, узрушэнне калаціла яго нервовай дрыжакай, так хацелася яму згледзець хутчэй дранкавы дах з чырвоным комінам, саламяныя стрэхі хляўкоў, гародчык пад вокнамі, некалі поўны вяргіняў, яблынькі ў садку па-над сажалкай. Як садзіў ды прышчэпліваў, былі яшчэ малыя, са жменькай лісточкаў у суччы, а цяпер... Цяпер, мабыць, ужо стаяць з яблыкамі. Не дзіва, мінула столькі гадоў.

   Ён выбраўся на ўзлесак ля старой, знаёмай з дзяцінства раскарэкі-грушыны, травяны дол пад якой быў спрэс абсыпаны свежымі і ўжо гнілаватымі грушамі; безліч іх жаўцела ў пажухлай лістоце. Адсюль ужо добра відаць быў вялізны прасцяг узаранага на зябліва поля. Хведар марудна клыпаў па ўзлеску, усё пазіраючы ўніз, да ручая, дзе ляжаў ягоны сіроцкі надзел. За ім віднеліся ўдалечы крайнія хаты Нядолішча - стрэхі хляўкоў, садкі і платы ля гародаў. На крайнім агародным шнурку, сагнуўшыся, поркалася жанчына ў чырвонай хусціне, мусіць, нехта з Антосевых баб выбіраў бульбу. Але дзе ж ягоная сядзіба, дзе хаты і будынкі? На раўнінным, трохі пакатым пляцы надзелу з слабенькай восеньскай рунню гойдалася на ветры некалькі велікаватых ужо дрэў садка, ніводнай жа будыніны не было побач. Скрозь ляжаў прасцяг голага поля - ад лесу аж да самай сажалкі ўнізе.

   Хведар яшчэ ішоў, нязграбна шоргаючы пасталамі ў сухім быльнягу ля ўзлеску, але сілы яго ўсё марнелі, крок рабіўся ўсё цяжэйшы, і ён стаў. Пасля вяла апусціўся на ўзмежак ля альховых кустоў і знерухомеў.

   Ну во і дабрыў. Дапяўся. Бадай што праз тры месяцы неверагоднага шляху, пакут і цярпення. Але на што было спадзявацца і на што наракаць? Чаго ён хацеў? На што разлічваў? Найперш, каб пабачыць. Ну вось і пабачыў... Ці тут павінен яго хто сустракаць, хто прывячаць - уцекача з таго свету? Ці хоць бы ашчаджаць яго пакінутую сядзібу - мусіць, пайшла на патрэбу іншым. Можа, кудысь перавезеная, дала прытулак добраму чалавеку. З дзецьмі і старымі. Ужо, напэўна, шчаслівейшаму, чым ён. А зямля?.. Зямля во засталася і нават зелянее рунню. Здаецца, і неблагая рунь. Толькі на тым канцы каля сажалкі зачарнелася ад вільгаці, там заўжды ўсё пасеянае вымакала. Некалі ён стараўся там саджаць бульбу, два разы сеяў каноплі. Збажына ж каля сажалкі не радзіла. Але гэтыя цяпер, мусіць, не ведаюць. Засеялі ўвесь прасцяг жытам, думаюць, будзе расці...