Аблава

   Хаця якое ўжо там жыццё...

   Зусім няўцямны да наваколля, ён далёка адышоўся па ўзлеску ад старога з каровай, ні разу не азірнуўшыся на яго; пасля зайшоў глыбей у лясцвяны лес і апусціўся ў высокую папараць. Тое, што ён чуў пра сына Міколку, напачатку бянтэжыла, збівала з тропу. Ну хай адмовіўся ад раскулачанага бацькі, навошта ж так да людзей? І яшчэ мяняць прозвішча? Што ж тады застаецца ад мінулага? Як тады жыць у будучым? Што ён скажа сваім дзецям, калі тыя будуць у яго? Дужа яму няпроста было зразумець сына, якога ён не бачуў сем год, і тое, што ён пачуў пра яго, адно бянтэжыла і абурала.

   Малы Міколка быў жаласлівы да жывёлы, неяк усю зіму трымаў у клетцы пад ложкам бедалагу-курачку, якая зламала нагу. Дужа шкадаваў маці, як тая хварэла на рожу. А як вырас, мусіць жа, гэтак аддана палюбіў камсамол. Можа, і не сам камсамол, як тую гарластую мітусню, якой з захапленнем займаліся маладыя - ад суму і самоты, - седзячы зімой у цёмных, завеяных снегам вёсках. Усё нешта выдумвалі, выконвалі, засядалі, абмяркоўвалі і прымалі рэзалюцыі. З усёй іх ячэйкі асабліва актыўнічалі Міколка і ягоны аднагодак Шурка, адзіны сынок у бяднячкі-ўдавы Міхаліны. Аднойчы яны прынялі рэзалюцыю, каб зняць абразы. Канешне, дамагчыся таго ва ўсёй вёсцы, як ім хацелася, хлопцы не мелі сілы, тады пастанавілі зняць хоць бы ў сваіх бацькоў. Тое было прасцей, але, мусіць, таксама не надта, бацькі іх не дужа слухаліся. Хведар глядзеў на хлапечую задуму даволі памяркоўна - што тыя абразы! Праўда, вісяць у куце, нікому не замінаюць, але і карысці з іх таксама няма ніякай. А Гануля заўпарцілася, і Міколка яе ўгаворваў ад каляд да самага вялікага посту. Усё ж дамогся, аднойчы пазнімаў і абразы, і ручнікі з іх, замест павесіў партрэт Карла Маркса; ручнікоў, аднак, вешаць не стаў. З таго часу вісеў у куце барадаты чалавек, таксама ні карысці з яго, ні шкоды. Міколка ж быў задаволены, ну і добра.

   І тут пад вясну выпадкам камсамольскі сакратар дазнаўся, што ў Шуркі застаўся адзін абраз, вісіць на покуці. Міколка сабраў камісію з трох чалавек, і яны пайшлі ў хату да Шуркі абследаваць. Аказалася, што так яно і ёсць, як казалі: абраз архангела Гаўрыіла вісіць сабе, дзе і вісеў, Міхаліна, Шуркава маці, плача, нізашто не дае знімаць, і Шурка нічора зрабіць з ёй не можа, такі аказаўся мяккацельны камсамолец. Міколка тут паставіўся крута. Думалі, ён скіне абраз, а ён абраз не чапаў, а сабраў камсамольскі сход і, не зважаючы на даўняе сяброўства, дамогся, што Шурку выключылі з камсамола. Хведар трохі падзівіўся з таго і неяк увечары мякка папракнуў сына. Сказаў, ці не занадта сурова яны паставіліся да свайго ж вясковага хлопца, як Міколка яму адказаў з нечуванаю раней строгасцю ў голасе: «Камсамол такіх ашуканцаў сцірае ў парашок!» - «Ну-ну!» - зважліва сказаў сабе бацька і пайшоў па сваіх хатніх справах. На тыя сынавы клопаты ён глядзеў тады, бы на дзівацтва малых. Малое - дурное, падрасце - паразумнее.

   Мабыць, аднак, паразумнеў па-свойму.

   Разважыўшы, Хведар пачаў спакайнець, думаць інакш: а можа, цяпер так і трэба. І ў ссылцы ён даволі нагледзеўся на ўсялякія выкруты чалавечых лёсаў, начальніцкую строгасць і жорсткасць без мэты, ці якія мелі адну мэту - здзек. Але дабрыня, мусіць, там, дзе справядлівасць і праўда. А дзе класавая бязлітаснасць, жорсткасць вышэйшых да тых, хто ніжэй, якая ж там дабрыня! Мусіць, навек адышла дабрыня з мінулым часам, на змену ёй паявілася нешта новае - жорсткае і няшчаднае. Ягоны разумны Міколка, мабыць, хутка засвоіў тое. Калі ён цяпер стаў такі, значыць, такім стаць было трэба. Асабліва калі ён не па сваёй злосці, а з дзяржаўнай патрэбы. Значыць, іначай нельга. А што выракся бацькі... Крыўдна, канешне, і балюча, ды што зробіш? Можа, ён адрокся таму, што бацька быццам памёр і ніколі не дазнаецца пра тое. Прынамсі, для яго, сына, сапраўды памёр, калі за шмат год ад таго - ні ліста, ні якой выпадковай весткі. Можа, так сыну лепей. Зноў жа - кулак!.. Мабыць, бацьку ўжо тым не нашкодзіць, а сын пажыве, можа.