Аблава

   І ўсё ж было крыўдна, балюча было Хведару, хоць плач.

   Калі пачало вечарэць, ён падняўся з папараці, агледзеўся. Скрозь у целе была вялікая слабасць, ногі зрабіліся тоўстыя, бы кулі (ці не пачалі пухнуць?), і неяк цягнулі ўніз. Ён зноў памалу пайшоў праз гушчар на ўзлесак і па-над рунню патупаў у бок бульбянога палетка.

   Сонца тым часам ужо сышло з небасхілу, схавалася за вяршаліны лесу, але неба над полем яшчэ поўнілася ягоным нізкім святлом, у якім вольна плылі кудысь пульхныя аблокі. Як Хведар і прадбачыў, бульбу на палетку ўжо ўсю выбралі, ні жанчын, ні коней нідзе не было відаць, толькі воддаль бугрыўся адзіны, накрыты саломай бурт. Ну але бурт яму не патрэбны. Трохі адышоўшыся ад канца загона, Хведар разгроб рукамі ўзараную баразну, калупаўся ў зямлі. Не, тут не было нічога, мабыць, усё падабралі. Тады ён адышоўся далей, перагарнуў у двух-трох месцах зямлю, знайшоў перарэзаную лемяхом палавіну бульбіны. Падняў галаву, агледзеўся - быццам нідзе нікога. Ён прайшоў трохі ўбок па загоне, дзе валялася ў барознах раскіданае каліўе бульбоўніку, падумаў, што, можа, што-нішто засталося. Капаў у некалькіх месцах, а знайшоў усяго чатыры бульбіны. Канешне, можна б дайсці да недалёкага ўжо бурта, набраць там у кішэні, але ён не хацеў надта аддаляцца ад ягонага выратоўцы-лесу. Дый зноў жа - красці калгаснае? Красці ён не хацеў, ён мог толькі ўзяць пакінутае, нічыё, што спрадвеку людзі не лічылі за грэх. Цяпер тым болей. Таропка пакапаўшыся ў зямлі, знайшоў яшчэ тры невялічкія бульбіны і спалохана азірнуўся. Ад узлеску ў напрамку да яго шырока сігалі па бульбянішчы дзве мужчынскія постаці. Сцяміўшы ўсё адразу, ён выпусціў з рук толькі што знойдзеныя бульбіны і таропка падаўся ўбок - наўкось цераз палетак, да лесу. Тыя таксама збочылі яму наперарэз - адзін пажылы, у ватоўцы і ботах, а другі, маладзейшы і цыбаты, у кепцы на галаве з даўгім насунутым на лоб казырком. Хведар ужо зразумеў, што справа яго - дрэнь, што тыя ловяць яго. І ён, што было сілы, пабег да ўзлеску, але не наўпрост, а беручы ўбок, усё ж трохі наперадзе яго даганятых. Ягоныя пасталы чапляліся за раскіданае каліўе бульбоўніку, ён ледзьве трымаўся на аслабелых нагах; чатыры бульбіны нялоўка боўталіся ў кішэні. Крокі яго, мусіць, былі куды карацейшыя, чым тых двух, што шырока сігалі яму напярэймы ад лесу. І ён спалохаўся, што не ўцячэ - дагоняць. Але няўжо яны сапраўды будуць яго лавіць, не адстануць? У нейкі момант яму ўдалося іх трохі апярэдзіць, ён амаль дасягаў бярозавага мыска на ўзлессі, з’явілася выратоўчая надзея - а раптам? Яны ўжо нібы заставаліся ззаду, як той першы пагрозліва закрычаў здаля:

   - Ах ты, кулацкая морда! Спыніся! Спыніся, кажу!

   Хведар аж спаткнуўся ад нечаканасці, тое, што пазнаюць яго, ён не прадбачыў. Але калі так называюць, значыць, пазналі. Як крыкнулі трэці раз, Хведар здагадаўся, што гэта - Зміцер Цыпрукоў, ён яго ловіць! Ах, божа ж мой, не хапала яшчэ трапіць у рукі да гэтага зласліўца! Пякучая злосць шыбанула ў Хведаравы адчуванні, яна надала сілы. Хведар ірвануўся, нібы апошні раз, і, не азіраючыся, убег у кустоўе ўзлеску. Тут ён яшчэ бег, праўда, усё марудней, пасля ішоў крокам і зноў аслабела трухаў, каб як мага далей адысціся ў лес, прэч ад таго нешчаслівага поля. Яго даганятыя, здаецца, у лес не пабеглі, засталіся на ўзлеску, і ён доўга шкандыбаў рэдкім недарослым хвойнікам, думаў, што сёння яму не пашэнціла канчаткова. Сёння ні адной прасветліны ў ягоным лёсе за ўвесь гэты пагодны сонечны дзень. Мала яму было тае навіны пра сына, дык яшчэ і Зміцер. Але глядзі ты: пільнуе ў полі. Ці ён які вартаўнік, ці начальнік, калі ў рабочы час разгульвае адзін па палёх. Ды, мусіць, - брыгадзір, здагадаўся Хведар, на тое было дужа падобна. Але Зміцер - брыгадзір, гэта ўжо нечакана. Самы няўклюдны гаспадар, у якога некалі здохла кабыла ад бяскорміцы, бо з’ела страху за зіму і не хапіла. Той Зміцер, які за жыццё не навучыўся плясці лапцей (заўжды пляла яму жонка), цяпер гэты недалэга робіць брыгадзірам. Праўда, горла меў добрае, мог накрычаць на каго хочаш, што цяпер, мабыць, самае важнае. Як там, у ссылцы, так і тут, у калгасах. Мабыць, аднолькава...