Аблава

   Раздзел пяты

   АБЛАВА

   Ноччу ўсчаўся вецер, лес апантана шумеў, елкі, здавалася, аж гулі ад ветранога напору, не перастаючы, ляскаталі лісцем бярозы, і Хведар думаў: зараз палье дождж. Той ноччу ён не пайшоў у вёску, ён наогул болей не вылазіў з лесу, які даваў яму больш-менш бяспечны прытулак. Іншага на гэтай зямлі ў яго не засталося. Кожны раз ён абіраў для сябе новае месца - абы далей у лес. Гэты вечар, уцёкшы ад даганятых, упаў долу там, дзе яго застаў прыцемак - у маладым густаватым ельніку, акрай хмызняковай імшары. Ісці далей, мусіць, не мела сэнсу, за імшарынай пачыналася балота, а галоўнае - у яго ўжо не заставалася сілы. Трохі адляжаўшыся, сеў, парэзаў на скрылікі і зжаваў тыя чатыры бульбіны. Болей з яды ў яго не было нічога, і ён сядзеў ноччу ў ельніку, думаў.

   Божа мой, божа, чаму мне выпала гэткая доля? Чаму я такі бядак? Хто ў мяне ўкраў шчасце і цяпер палюе за маім жыццём? Хіба я такі грэшны перад людзьмі ці пера богам? Каго я забіў, абабраў ці хоць зняважыў - каго? Заўжды стараўся як найлепш, барані бог, каб хто пакрыўдзіўся, не папракнуў знарок ці з непаразумення. Заўжды пачціва ставіўся да ўлады, быў шчыра ўдзячны ёй за зямлю, за шчодрасць да бедняка, нядаўняга фальваркоўскага парабка. Ды і як жа інакш - Савецкую ўладу лічыў сваёй, сялянскай уладай. Яшчэ, бывала, пярэчыў на сходках, як некаторыя наракалі: таго няма, таго мала. Няма мануфактуры, цвікоў, не хапае газы, не купіць цукру... Казаў каторым нецярпліўцам: чакайце - не ўсё адразу. Савецкая ўлада, яна не пакрыўдзіць бедняка, яна галоўны свой клопат мае аб трудавым сялянстве. Ды ці ён сам тое прыдумаў? Аб тым пісалася ў газетах, тое ж гаварылі прадстаўнікі на сходах. І ён верыў. Ён гатовы быў усім пра ўсё верыць, бо сам не хлусіў ніколі, нікога за жыццё не ашукаў.

   Хто ж ашукаў яго? І ашукаў так жорстка, бязлітасна, на ўсё жыццё?

   Зрэшты, да ашуканстваў ужо можна было прывыкнуць - ці мала ён іх ператрываў у жыцці? Ашуквалі суседзі, радня, сяльчане. Заўжды ашуквала начальства - і тут, і ў высылцы. Ашуквалі таварышы па няшчасці. Некаторым за тое ён нават быў шчыра ўдзячны...

   З Поўначы ўцякалі звычайна вясной, як раставаў снег і абуджалася тайга. Хоць і бедная была паўночная веснавая тайга, харчу ніякага не мела, апроч хіба ягад. Але стала вышэй хадзіць негарачае сонца, канчаліся лютыя маразы і сцюжа. А галоўнае - пачыналася пара зялёнай травы, дарогі без слядоў - ідзі куды хочаш. Такою парой мала хто з нявольнікаў гэтых лагераў і пасёлкаў не мроіў пра ўцёкі, пра той запаветны край, з якога быў вырваны сілай. Але ж тысяча кіламетраў тайгі, бездараж і бязлюддзе давалі адвагі не многім. Для тае адвагі патрэбна было жалезнае здароўе, звярыная сіла, а яны пад вясну ледзьве цягалі ногі. Але мары ап’янялі, а ап’янелы чалавек хто ведае на што здольны. І на разумнае, і на дурное - гэта ўжо гледзячы па абставінах.

   У іх на сплаве, які толькі што распачаўся, уцячы з пасёлка было няцяжка - цяжка было затым перайсці тайгу. Некаторых лавілі - на рацэ і на дарогах, некаторых нават за сотні кіламетраў - на чыгунцы і прыстанях. І ўсё роўна ўцякалі. Ён пра ўцёкі ўсур’ёз не думаў, пакуль на руках была хворая жонка і малая Волечка. Але затым, як застаўся адзін... Хіба толькі думалася і тут жа забывалася. Усё ж рашучасці ў яго не хапала, а пра свае мары ён нікому не намякаў нават. Ён наогул быў там маўклівы, сваіх людзей побач не аказалася, а з чужымі трымаўся асцярожна - ці мала што! Дый не падабаліся многія: крыклівыя, жорсткія, нягодныя. Можа, яго абыходзілі таксама, пагарджалі ім - забітым, малапісьменным мужыком-беларусам. Канешне, што ён для іх? Чым ён мог быць ім карысны? І ён прывык да тае няўвагі да сябе і дужа здзівіўся аднойчы, калі ім зацікавіўся чалавек.