Аблава

   Неяк на штабялёўцы ў запані, як брыгада грувасціла бярвенне ў высачэзныя гурты, да яго ціха падышоў Вугор. То быў таксама ссыльны, але не з сялян раскулачаных, а яшчэ з нейкіх, ён працаваў у адной з ім брыгадзе, ды таемна знаўся з некаторымі людзьмі ў іншых брыгадах. Былі чуткі, што ў ссылку ён трапіў пасля Варкуты, дзе на шахтах адбываў тэрмін за нешта крымінальнае, выйшаў там у начальства, ды на чымсьці праштрафіўся. Родам быў гарадскі, здаецца, аднекуль з Урала, паводзіў сябе стрымана, з начальствам - без асаблівай пакоры, ведаў сабе цану, часам вольнічаў - мог дазволіць калі лішнюю хвіліну на перакур. І начальства не надта да яго чаплялася, бы зважала яму.

   Гэты Вугор паазіраўся, паслухаў - блізка нікога не было, і кажа Хведару: «Дамоў хочаш?» Хведар здзівіўся, збянтэжыўся, адразу і не зразумеў пытання. Тады той растлумачыў: «Ёсць такая магчымасць. Нас двое. Трэцім будзеш?» Пра што было і казаць, канечне ж, дамоў Хведар гатоў быў паляцець на крылах, усё ў ім узгарэлася ад тых слоў чалавека. Толькі як? Якая ў іх з’явілася магчымасць? Але, мусіць, з’явілася, калі добры чалавек прапануе. «Значыць, згодны? - ціха папытаўся Вугор. - Тады заўтра станавіся на крайні штабель».

   Назаўтра ўранку ён і сапраўды стаў на працу ля крайняга ад лесу штабеля. Зрабіць гэта было няцяжка, бо іншыя, калі брыгадзір расстаўляў на рабочыя месцы, стараліся не вытыркацца: той штабель быў самы дальні, і бёрны да яго трэба было цягаць здалёк. Хведар жа тады выйшаў наперад і якраз апынуўся ў той чацвёрцы, якую накіравалі на канец пляцоўкі. Там жа апынуўся і Вугор. Яны памалу ўзяліся качаць бярвенне, але, як толькі брыгадзір знік з вачэй, Вугор міргнуў адным вокам: маўляў, за мной! Бокам, бокам ён падаўся ад пляцоўкі, Хведар з дрыготкім сэрцам паклыпаў следам.

   Уцяклі яны ўдала, тады іх ніхто не затрымаў, можа, і не заўважыў нават. У распадку да іх далучыўся аднавокі вярзіла, што меў прозвішча ці мянушку Скакун. То быў, як зразумеў Хведар, стары Вугроў сябрук, і яны ўтрох першы ж дзень адмахалі па дзікай тайзе вёрст сорак. Звычайна ў тым краі ездзілі па рэках зімой ці берагамі ракі ўлетку, але цяпер ім берагамі не выпадала - на берагах іх адразу б узяла міліцыя. І яны выправіліся кружным шляхам - тайгой. Ягоныя сябры прыпаслі троху харчу, мабыць, рыхтаваліся болей старанна, чым ён, і дужа ашчаджалі тыя шэсць кілаграмаў мукі і дваццаць шэсць сухароў, што неслі ў навалачцы ад падушкі. У іхняй невялічкай групе ўсім распараджаўся Вугор. Хведар увесь час быў дужа ўдзячны яму, што даверыўся і ўзяў за кампанію менавіта яго, а не каго іншага. З тае ўвагі ён ужо гатовы быў сябе паважаць, не кажучы пра ягоную ўдзячнасць Вугру. Вугру ён служыў у дарозе чым мог: стараўся ўзяць на сябе што цяжэйшае з ношы, даўжэй пасядзець ля цяпельца, як астатнія двое клаліся спаць, каб папільнаваць агонь. Неяк ля ручая, як яны сушыліся пасля дажджу, Хведар расчулена падзякаваў Вугру за давер і ўвагу да сябе. Той, аднак, хітра прыжмурыў ад дыму вока і з ухмылкай сказаў: «Дык я ж адразу ўбачыў: дужа дамоў хочаш». - «Што праўда, то праўда. Дзякуй жа табе за тое». - «Пасля аддзячыш. Красненькімі», - ухмыльнуўся Вугор.

   Тады ён і сапраўды быў неблагі хаўруснік, клапатлівы таварыш. Па справядлівасці дзяліў іх небагаты харч, уранку сам распальваў касцярок, заўжды вызначаў шлях і ішоў наперадзе. Тайгу, як можна было здагадацца, ён ведаў лепш за іх двух, мабыць, не першы раз падарожнічаў па ёй. Куды і як будуць ісці далей, Вугор ім не казаў, і Хведар ні пра што не пытаўся: ён ужо прывык спадзявацца на вопыт таварыша. Сапраўды, хіба б ён адзін адмахаў за тыдзень две сотні вёрст без дарог, па незнаёмым лесе? Гэта пасля ён што-нішто зразумеў у жахлівай справе ўцёкаў, а тады быў дурны і зялёны, бы салдат-навабранец.