Аблава

   На дрыготкіх нагах Хведар паціху патрухаў у глыб лесу. Усё ў ім калацілася ад крыўды, ад прадчування хуткай бяды. І нічога не зробіш, нічога не скажаш, нічым не апраўдаешся. Ён мог толькі бегчы, уцякаць, як звер. Але не як чалавек. Чалавек бы не ўцякаў ад людзей, ён бы нешта сказаў, і яго б паслухалі. Значыць, ён ужо не чалавек. Ён дашчэнту расчалавечыўся.

   На пагорачку ў змяшаным рэдкалессі ён павярнуў управа - убок да бальшака і поплаву, туды, адкуль ён прыйшоў тры дні назад. Мабыць, пакуль была такая магчымасць, трэба ўцякаць з гэтага лесу, лес для яго ўжо не прытулак. Лес цяпер іхні. У ім яны хочуць злавіць яго - і тады... Не, усё ж ён не дасца. Пакуль ёсць сілы, ён іх апярэдзіць. Ён не дасць вярнуць сябе туды, адкуль з такім намаганнем вырваўся. Туды ён не вернецца.

   Хведар бег, аслабела і няўцямна, ужо не выбіраючы шляху, прадзіраўся праз кустоўе падлеску, вымак наскрозь - ад ног да галавы. Ззаду, аднак, было ціха, яго яшчэ не даганялі, і ён спяшаўся паспець. Паспець выскачыць з лесу на поплаў, там уздоўж рэчкі была чужая, зарэчнага раёна зямля, мабыць, там пра яго яшчэ не ўведалі. Яму ўжо трошачкі заставалася лесу, затым будзе нешырокая лагчына і бальшак, які ён перайшоў той раз. Але ён задыхаўся, змарыўся ўшчэнт і да ўзлеску ледзьве даплёўся ад знямогі. Усё ж, перш чым выйсці, зірнуў на лагчынку, там не было нікога. Тады - на грудок і дарогу, і разам асеў долу. Ля старых хвой на бальшаку стаялі машаны - тры грузавыя палутаркі, і ад іх у напрамку да лесу ішла грамада людзей - чалавек трыццаць ці больш. Наперадзе рашуча крочыў па сенажаці чалавек у расшпіленым чорным плашчы, ён нешта казаў і рукой шырока паказваў астатнім - ці не разысціся па-над лесам у ланцуг?

   Згледзеўшы тое, Хведар крута павярнуўся і пабег назад у лес. Усё ж, мусіць, ён яшчэ меў нейкую магчымасць, тыя толькі пераходзілі лагчынку. Пакуль яны паднімуцца па адхоне, увойдуць у лес... Не, ён адарвецца, ён не дасць ім дагнаць сябе. Толькі куды яму бегчы - во ў чым загвоздка. Злева Нядолішча і землякі-калгаснікі, ззаду гэтыя, што прыхалі, мабыць, з раёна. Усе апранутыя ў чорнае, не вясковае - значыць, з раёна. Кіраўніцтва і актыў. Яны ззаду. Справа ў яго ельнік і далей багністая Багавізна, там не пройдзеш. Няўжо спераду яму пакінулі выйсце? Там, дзе бульбянішча, дзе ён учора сустрэў дзеда з каровай. Няўжо там нікога няма? Гэта была б удача, толькі б паспець дабегчы туды. Добра, што яго яшчэ не ўбачылі, раней убачыў ён сам. Тое давала шанец. Толькі б не здрадзілі ногі. Усё ж бегчы яму было трудна, сіпата зацінала грудзі, у роце набралася гаркоты, якую ён не мог выплюнуць. Плечы і грудзі пад яго мокрай і цяжкой апраткай спатнелі, па шчоках паўзлі цуркі поту. Раз-пораз ён выціраў твар рукавом, азіраўся і то бег, то ішоў хісткім няпэўным крокам - далей ад гасцінца і ад вёскі таксама. Мусіць, не проста было вытрымаць гэта дакладны, касы кірунак у лесе, здаецца, ён трохі яго ўжо зблытаў. Падобна было, што ён занадта ўзяў управа - далей ад тых і тых даганятых, і тым прыціснуўся да Багавізны. Не, яму трэба было трохі далей ад яе, каб выйсці на трэці бок лесу - да бульбянішча. Галоўнае - яму б вырвацца з гэтых абцугоў, якімі яго абхамілі з абодвух бакоў. Можа, трэці яшчэ заставаўся вольны, і тое дасць яму выскачыць.

   Ужо з’явілася спадзяванне, што ён як-небудзь выкруціцца. Усё ж яго ніхто з іх не бачыў. Ад задніх ён, мабыць, адарваўся, а тыя збоку, ад вёскі, мабыць яшчэ толькі ступілі ў лес. А можа, яны яшчэ чакаюць на ўзмежку. Яму б толькі дабегчы да бульбянішча, а там бы ён вырваўся з гэтага лесу.