Аблава

   Але бегчы ўжо не ставала сілы, і ён, спатыкаючыся, марудліва тупаў па травяным доле. Увесь час азіраўся - ці не пагналіся? Здаецца, яшчэ не гналіся. Але ў тым кірунку, ад гасцінца, пачуліся галасы - мабыць, там ужо пайшлі па ягоных слядах. Галасы, галёканне рабілася мацнейшымі, во забрахаў і сабака. Але не ўчарашні вясковы - гэта быў рык дужага, пароднага пса. Хведар пабег зноў - цяжка, знясілена, страхавіта, штораз азіраючыся. Пільнасць яго і ўвага цяпер былі да таго, што адбываецца ззаду. Ён празяваў нейкі момант, калі трэба было зірнуць наперад, і за кустом ядлоўцу ледзь не сутыкнуўся з зайцам. Чымсь спуджаны, той сігануў насустрач, а як згледзеў яго, шырока скочыў убок і праз хмызняк падросту спалохана кінуўся назад, адкуль бег. Таксама няма спакою, коратка падумаў Хведар і тут жа спыніўся. Там, куды паскакаў заяц, зблізку пачулася:

   - Стой! Стрелять буду!

   - Куды ты - стрелять! Это же заяц...

   І там засмяяліся - бесклапотным хлапечым смехам.

   Хведар насцярожана выцяг з каўняра шыю, наперадзе, куды ён імкнуўся, у жаўтлявым лісці падросту мільганулі дзве зялёныя шапкі, нехта ціха гукнуў да іх зводдаль, і яны стаіліся. Хведар зразумеў: хлях яму і туды адрэзаны. Відаць, з гэтага боку, ад бульбянішча, загон рабілі чырвонаармейцы-пагранічнікі. Іхняя застава была недалёка, пад суседнім лесам. Але ж чаму - і пагаранічнікі? Што ён, які шпіён ці шкоднік? Ці ён уцёк з турмы, дзе сядзеў за якое злачынства? Ён прыйшоў у свой родны кут, дзе нарадзіўся, жыў. Дзе нарадзіліся і аджылі ўсе яго продкі. Чаму - пагранічнікі?

   Мусіць, аднак, ён горшы за шпіёна. Бо таго ловяць адны пагранічнікі, а яго апроч тых яшчэ і два загоны - з вёскі і з раёна. А божа ж мой, во дык воўк. Во дык дзікун...

   Усё ж шчасце яго было ў тым, што ні з аднаго з трох загонаў яго пакуль што не заўважылі - ён іх заўважыў першы. Але ці доўга яму будзе так шэнціць? Мабыць жа, згледзяць і яго. Што ж ён, які невідзімка? Праўда, ён ведаў гэты Казённы лес і цяміў, у які бок сунуцца. Але ж і яны, мабыць, таксама ведалі лес, ужо яго аднавяскоўцы напэўна, думаў Хведар. Цяпер ён бег невядома куды, мабыць у чацвёрты бок, дзе не было выйсця. У чацвёртым баку быў тупік, лясны край - Багавізна. Там дрыгва, багна, віры, улетку туды не сунешся. Туды і звер не ходзіць, не тое што чалавек. Да самых маразоў там патоп і пагібель.

   Але куды ж яму дзецца?

   Ён ужо не бег - ён плёўся між змрочнага ельніку, па мяккім, набрынялым вільгаццю доле. І ўсё слухаў, што робіцца ззаду. Ззаду ваўсю гучалі галасы, хтось там галёкаў, адкрыта і загадна, гучна брахаў сабака. Мабыць, загоны сышліся, а яго ўпусцілі. А можа, яны вернуцца назад, на гасцінец і ў вёску, абнадзеена падумаў Хведар і стаіўся за елкай. Хоць бы далі аддыхацца, а то знямоглая гаркота раздзірала грудзі...

   Аддыхацца, аднак, не далі.

   Яны ўжо былі недзе блізка, убачыць іх яму заміналі дрэвы. Зрэшты, як і ім яго, мабыць, таксама. Але ён пачуў ажывелыя вокрыкі зводдаль: «Глядзі, след!» - і зразумеў, што яны пайшлі наўздагон. І што яму ад іх не ўцячы. Іх некалькі дзесяткаў, жыхароў і чырвонаармейцаў, яны абклалі лес з трох бакоў. А ён перад імі адзін. І ён ушчэнт змораны. І ўжо не ведае, куды бегчы і дзе хавацца. Ён толькі бяжыць. Мабыць, апошнія свае крокі. І тут ён убачыў перад сабой у ельніку хуткае мільганне ў доле - то ўцякаў-ратаваўся заяц. Спярша бег ад чырвонаармейцаў, а цяпер, мабыць, ад яго, Хведара. Але нашто ад яго? Ён сам цяпер быў у становішчы зайца. Мо нават горшым, бо заяц, напэўна, яшчэ ўратуецца...