Аблава

   «Людцы, завошта вы так? - гучала ў ім нутраным роспачным шэптам. - Што я зрабіў кепскае вам? Што - малатарню?.. Дык тады ж дзякавалі па шчырасці, здаецца. Ці ж я хацеў каму кепскага? Ці сабе многа ўзяў? Я ж аддаў ўсё вам - бярыце. Толькі завошта ж мяне так люта? Людцы, адумайцеся!..»

   Аднак ніхто не адумваўся - яго гналі, як гоняць воўка на адмысловым паляванні. А ён усё чакаў, што нехта там стане і скажа: «Пастойце, братцы! Што ж гэта мы...»

   Не стаў, не сказаў, і яго гналі далей.

   - Роўба, стой!!!

   Ну вось, нарэшце...

   За ўвесь час недарэчных сваіх уцёкаў Хведар чакаў гэтага вокрыку ўдзень і ўначы, і ўсё роўна цяпер ён прагучаў знянацку і страшна. Хведар не адразу азірнуўся - там ззаду, між елак, ужо мільгалі цёмныя постаці, сваіх ці чырвонаармейцаў - ён не разглядзеў нават. Галоўнае ён сцяміў: яго ўбачылі. Але ўжо і бегчы рабілася неяк, мабыць, ягоны маршрут канчаўся. Неверагодна дзівосны маршрут - праз тысячу вёрст да роднай зямлі. Аднак жа няласкава яна сустрэла яго, родная яго зямелька. Не ды бог з ёй, чаго было чакаць лепшага. Такі яго лёс! Пракляты лёс, які наканаваў яму ў такі час нарадзіцца селянінам.

   Скончыўся змрочны ельнік, і за кустоўем лазняку ўсчыналася дрыгвяністая імшарына. Не спыняючыся, бегма ён сунуўся туды. Мяккі таўшчэзны пласт моху зазыбаўся пад нагамі, пасля ногі правальваліся да каленяў у чорную хлюпкую гразь. Далей ісці, мабыць, было вар’яцтвам. Але што для яго не было вар’яцтвам? Наперадзе трымцела на ветры клочча асакі, аеру, буялі ад берага лазняковыя купіны, і між імі блішчэлі чорныя вокны прадонняў; там усчыналася Багавізна. Ён, аднак, не спыняўся - з роспачным намаганнем выдзіраючы з твані свае пасталы, дабрыў да лазняку і пралез між кустоўя. Тут ужо брыў да пояса ў багне, рассоўваючы целам раску, упарта лез усё далей, пакуль ногі мелі нейкае апірышча ў тваністым, перавітым карэннем доле. Хутка, аднак, дол знік пад нагамі, знянацку Хведар шуснуў з галавою ў густую багністую прорву, аднак усё ж вынырнуў, згубіўшы з галавы шапку. Каб не захлынуцца канчаткова, ухапіўся аднаруч за нейкі слізкі корань з суседняй купіны. Увесь ён быў у багне, толькі галава яшчэ вытыркалася на паверхню. Смярдзючая вада цякла з носа, сцюдзёныя яе абдымкі скавалі ягонае цела, ногі скруцянелі ад сутаргаў, і ён дробненька, з перапынкамі дыхаў.

   Ззаду на цвёрдым беразе за імшарынай гучала галасістая гамана, брахаў сабака, мабыць, там сышліся загоншчыкі. Ці яны згубілі яго, ці баяліся лезці ў сцюдзёную, смярдзючую твань? Ён добра чуў тут іх устрывожаныя галасы: «Во, туды пабег...» - «У твані ён!» - «Глядзі, куды сунуўся! Ах ты маць часная!» - «Вылезе, нідзе не дзенецца кулацкая морда!»...

   «Не, ужо не вылезу!» - з панылай злосцю сказаў ён сабе ў думках, гойдаючы целам застаялую раску на твані. Яго тут трохі хавалі ад берага купіны і лазняк. А галоўнае - тыя, на беразе, мабыць, не надта імкнуліся ў багну, мабыць жа, ведалі, што дна ў ёй няма. І ён гэта ведаў. Колькі разоў, бывала, са страхам глядзеў здаля на лазняковы прасцяг бяздоннае багны, якую заўжды акуратна абыходзіла жывёла. Цяпер ён сядзеў у ёй. І, мусіць, шляху назад не было.

   Ад сцюжы ў вадзе дубянелі рукі і асабліва ногі, усё ўнутры ў яго сцялося ў тугі, хваравіты вузел - каб толькі стрываць. Але, мабыць, доўга трываць тут не прыйдзецца, усё ўжо канчалася. Трошкі, аднак, не хапала рашучасці. Варта было выпусціць з рук той корань ад купіны, як ён бы адразу пайшоў у бездань. Цяжкая суконная паддзёўка ўладна цягнула ўніз, пасталы зрабіліся, мабыць, пудовымі і таксама цягнулі за ногі. Але ён трымаўся, немаведама на што спадзеючыся, і часта дробненька дыхаў, бы рыбіна, выкінутая на пясок.