Аблава

   Хведар абышоў і іншыя мясціны котлішча. Там, дзе быў калодзеж, зеўрала аброслая быльнягом яміна, ад зруба ці калаўрота не засталося і знаку; на дрывотні ў голым доле трохі прыкметны былі зляжалыя трэскі, але дроў тут не відаць было ні палена. Пастаяў, узлезшы на кучу бітае цэглы сярод быльнягу, успомніў, як некалі грэўся на печы, прыехаўшы ўзімку з лесу ці з дарогі, як тут спалі старыя ды і жонка Гануля таксама. Але бядотная яго Ганулька, можа, меней за ўсіх тут грэлася - болей тупала перад чалеснікам, кожнага рання гатуючы харч на немалую сямейку, чыгуны бульбачкі для жывёлы. Не мела часу і пагрэцца нават у маразы і сцюжу, калі сіберныя ветры выдзьмувалі іх хутар. А цяпер ужо навек супакоілася і ніколі ўжо не пагрэецца, лежачы ў чужой мёрзлай зямлі, акрай сумных балотных могілак. Хварэла яна нядоўга, перад тым як легчы, штодня цягалася на лесасекі, дзе з брыгадай такіх, як і сама, жанчын збірала і паліла суччо. Нямоглая была ўжо даўно, з грамніц, дужа кашляла ноччу, жалілася на боль у баку, але да дактароў не хацела - баялася дактароў, таксама як і начальства, старалася як мага менш з імі знацца. Узімку ёй трохі памагла загаворам старая Банадысіха, высланая аднекуль з-за Воршы зямлячка, казала тады, быццам зрабілася лепей. Але ненадоўга. Якраз у чысты чацвер, прывалокшыся з дзялянкі, лягла і болей не ўстала. Яму не было як даглядаць яе, самога выганялі штодня на тралёўку, рыхтаваліся да веснавога сплаву, трэба было назапасіць шмат дрэва да крыгаходу. Начальнік участка не даваў нікому дыхнуць, і брыгады рабілі ў лесе ад зары да змяркання. І ён, абліваючыся горкімі слязьмі ў душы, кінуў яе на малую Волечку, якая цэлы дзень то плакала, то тоненькім дзіцячым галаском пяяла маці ўлюбёную ёю «Вутачку». Мабыць, так яна і адышла з гэтага свету пад жаласны спеў дачушкі, і, як ён прыплёўся ўвечары ў барак, Волечка сядзела, ціхенькая і журботная, сказала: мамачка спіць. Ён кінуўся да Ганулькі на нары, затузаў, загукаў, пасля разгарнуў ашмоцце, якім яна была ўкручана, - Ганулька ўжо асцюдзянела. Удваіх з Волечкай пачалі плакаць - яна голасна і няўцешна, ён - моўчкі, душачыся нутранымі слязьмі.

   Назаўтра яго аслабанілі ад працы, з прыкрасцю і незадаволенасцю начальнік сказаў: да паўдня. За гэтыя паўдня трэба было выкапаць магілку, змайстраваць якую труну, адвезці на могілкі акрай пасёлка, у балоцістай голай нізінцы. Могілкі там былі новыя, можа, другі год як распачатыя, хоць крыжоў сабралося ўжо багата - спецперасяленцы паміралі дружна, асабліва старэйшыя людзі, - не прыжываліся на гэтай дзікаватай зямлі. Зрэшты, мёрлі і маладзейшыя - ад непасільнае працы, галадухі і сухотаў, якія валілі нават дужых маладых мужчын. Казалі разумныя людзі - найбольш, аднак, ад суму-тугі па родных мясцінах, ад нуды вечнага і імі расстання. Яно, можа, і праўда.

   Якраз набліжалася вясна, на пагорках ужо раставаў снег, хаця ў той нізінцы за пасёлкам яшчэ ляжаў тоўстым, зацвярдзелым пластом. Хведар гадзіну шкрабаў яго рыдлёўкай, пасля дзёўб кайлом мёрзлую глебу. Выкапаў неглыбока, можа, да паясніцы, не болей, але капаць далей не ставала сілы, а найбольш - не было часу, ён дужа баяўся спазніцца, не паспець да паўдня. Кінуўшы ўсё на могілках, пабег майстраваць якую-небудзь труну. Майстраваць ён збольшага ўмеў, рукі змалку былі прывучаны да няхітрага цяслярскага інструменту, але трэба былі дошкі. Загадчык гаспадаркі, да якога ён сунуўся ў прыбудоўку са сваёй патрэбай, корпаўся над паперамі ў доўга маўчаў; у парозе маўчаў Хведар, цярпліва чакаючы ягонага слова. Урэшце загадчык устаў, натаропка закурыў і з вялікаю неахвотай пасунуўся на задворкі, дзе былі складзены дошкі. Тут іх, прысыпаных снегам, ляжала багата штабялёў - тоўстых і тонкіх, дваццатак і сараковак, іншага пілавання таксама. Але гэты змрочны чалавек паказаў яму на канцы гарбылёў, што тырчэлі з-пад снегу, і сказаў праз зубы: «Во цягні. Пяць штук, не болей».