Аблава

   Міколка, вядома, хлопец разумны, адукаваны, не раўня бацьку. А тое, што ён адбіўся ад гаспадаркі, можа, і добра. У тым, напэўна, яго паратунак, інакш дзе б ён быў зараз? У Котласе ці яшчэ далей. А так начальнік у раёне. Нікому Хведар не пісаў з высылкі, а швагру Тамашу неяк паслаў ліст (яшчэ як была жывая Ганулька) і праз паўгода атрымаў адказ. Той не пісаў, як жыве, ні слова пра парадкі ў раёне, усё больш - пра здароўе і ў канцы паведаміў, можа, самую прыемную навіну: што Міколка вярнуўся з Чырвонай Арміі і цяпер вялікі начальнік у раёне. Ганулька, можа, першы раз за гады, шчасліва заўсміхалася, Волечка запляскала ў ладкі, а ён нахмурыўся - радуючыся і заклапочана адначасна. Жартачкі: сын раскулачанага - начальнік. А калі даведаюцца?

   Пасля Хведар шмат начэй думаў пра тое, пра сына і ягоную начальніцкую пасаду, непакоіўся і перажываў. І ўсё стаяла ў думках, што сказаў Сталін: сын за бацьку не адказвае. Гэтыя словы ён чытаў у газеце, шмат разоў чуў ад людзей. Мусіць, і сапраўды так. Калі Міколку паставілі ў раёне начальнікам, дык, мусіць жа, ведалі, дзе бацька і маці і з якой сям’і ён паходзіць. А можа, даўмеліся ўрэшце, што раскулачылі няправільна, незаслужана, таму і сын ні пры чым. Тым болей што той даўно не жыў пры бацькавай гаспадарцы, рабіў у райкоме, затым служыў у Чырвонай Арміі, нават быў камандзірам.

   І ўсё роўна Хведар не пісаў сыну, не мог у сабе адолець чагосьці, страху ці асцярогі, хоць і дужа прасіла жонка, аж заплакала аднойчы. Усё ж ён баяўся, не за сябе, канешне, - за сына. Думаў, калі можна, Мікалай парупіцца напісаць сам. Тамаш пісаў, што бачыўся з ім у раёне, значыцца, мог бы дазнацца бацькаў адрас. А калі не піша, дык, значыць...

   І ўсё ж ён не хацеў думаць благое, ён спадзяваўся. І тады, як задумаў гэтыя ўцёкі, і яшчэ раней, да ўцёкаў. І ў жахлівай дарозе - на плытах, чыгуначных платформах сярод штабялёў бярвення, у доўгім бадзянні па лясах і прасёлках. Удзень і ўначы ён думаў, вагаўся і - так нічога і не ўдумаў. Ён не ведаў, як паставіцца яму да сына, а галоўнае - як сын паставіцца да яго.

   Праўда, калі вялікі начальнік, дык, мабыць, што-нішто можа. Начальніку многае дазваляецца. Бывае, простаму чалавеку няможна, а начальству не забаронена. Гэта ўжо Хведар ведаў, нагледзеўся і за царскім часам, і ў войску, і пры новай уладзе таксама.

   Наўкола ўжо добра ўсталявалася восеньская ноч, зводдаль прыціхла вёска, зусім патануўшы ў змроку. Спярша недзе бліскала пара агеньчыкаў у тым канцы вуліцы, ды згаслі і агеньчыкі. І Хведар устаў. Ён раптам наважыўся прайсці па начной вуліцы, зірнуць на знаёмыя хаты, клёны ля калгаснай канторы; дзе некалі стаяла шырокая арка з выцвілым лозунгам цераз дарогу. Тут спрэс жылі знаёмыя людзі - старыя і маладзейшыя, працавітыя і не вельмі, добрыя, злыя, абыякавыя, - яго колішнія аднавяскоўцы. Ён нікога не бачыў з іх ад таго сакавіцкага ранку, як выехаў на калёсах сядзібы і ўсё азіраўся аж да раўка, калі ўжо нічога не стала відаць. І на яго пазіралі і плакалі некаторыя - болей бабы, - пастаўшы пад старой пахілай вербінай ля Саўчыкавай хаты.

   Даўняй дарожкі ад сядзібы да вуліцы, здаецца, ужо не было, зарасла травой, але пад нагамі намацвалася нейкая сцежачка, і ён пайшоў па ёй каля сажалкі. Сцежка вывела яго на дарогу. У звыклым колішнім месцы гразкаватай дарогі ён сышоў у раўчук з грукатлівым мастком. Як і пяць і дзесяць гадоў назад, той ледзьве трымаўся ад старасці і, бывала, дужа грукацеў пад коламі калёсаў і брык. Пахілая вербіна быццам усохла нават, але ўсё хілілася над дарогай, і за ёй чарнелася ў змроку старая Саўчыкава хата. Але ці жыў там Саўчык - Хведар не ведаў. За ўсе пяць гадоў ягонага Котлаўскага жыцця яму ніхто не пісаў з гэтай вёскі, ды і ён не пісаў нікому, нічога ні пра каго не ведаў. З Лёксам Саўчыкам некалі вучыліся ў адным класе царкоўнапрыходскай школы, пасля прызываліся разам на вайсковую службу. Быў ён спакойны, зважлівы мужчына, бедны і гаротны, як і ўсе тут, меў пяцёх дзяцей, і ўсе дзяўчынкі. Дзе ён цяпер? Ці жывы хоць?