Аблава

   Вуліца ляжала па-начному чорная і пустая, мяккая пасярэдзіне ад ператаптанага кароўімі капытамі долу, парослая ля парканаў сакоўнай бухматаю муравой. Хведар абмінуў кучу бярвення ля Аўдоццінага падворка (ці не думае будавацца ўдавіца?). Але што ж, што ўдавіца, мабыць жа, падраслі сыны, можа, ужо і ажаніўся каторы і будуецца. Ціхенька прайшоў каля гародчыка Зыркаша, пра якога цяпер не хацеў нават і думаць. Сапсаваў гэты Зыркаш яму ўсё жыццё (і, мабыць, не аднаму яму), быў чалавек зайздрослівы і нядобры: колісь напісаў скаргу на яго за малатарню, з якой усё і пачалося. Калі б не тая яго заява, можа б, усё і абышлося, і Хведар не туляўся б цяпер паначы, як злодзей, жыў бы разам з усімі, і не спазнаў бы тых пякучых няшчасцяў, якіх шчодра адмераў яму ягоны халерны лёс.

   Затым ён спыніўся і пастаяў крыху, прыслухоўваючыся, ці не падасць дзе голас сабака. Але сабакі пакуль што маўчалі ці іх зусім не было ў вёсцы. Іх не было і раней, успомніў Хведар, хіба што на хутарах, у мястэчку. Вяскоўцы ж па сваёй беднасці лічылі за лепшае карміць лішняга свінёнка, чым трымаць сабаку. Мабыць, і цяпер так. Не забагацелі яго вяскоўцы. За рэдкім вішаннікам ля садка ўрасла ў зямлю нехуцавая будыніна з голымі рабрынамі крокваў - зусім без страхі. Відаць, тут ужо не жылі. Але дзе ж тады мнагадзетная сям’я Івана Пагарэльца, то ж была ягоная хата, падумаў Хведар. І яшчэ адну хату з чорным праваллем пустых вокнаў згледзеў ён за парканам, - напэўна, пакінутае жытло. Другая ж поруч утульнай завалінкай выпнулася на самую вуліцу, дзе колісь любілі пасядзець мужчыны, але цяпер пад яе скасабочанай сцяной пахіла тырчэў рад колляў-падпорак, каб не ўпала. Тут некалі жыў адзін самы гарласты актывіст камбеда, худы і вялізны, бы жардзіна, Зміцер Цыпрукоў. Ужо ён, напэўна, заслужыў лепшае хаты пры Савецкай уладзе, бо быў, мабыць, самы бедны ў вёсцы. Ды, мусіць, не заслужыў, калі дажыўся да такой во - коллем падпёртай хаціны.

   Улезшы ў свежыя каровіны лепяхі, Хведар сышоў трохі ўбок, бліжэй да плота. Усё ж ён баяўся, каб з кім не сустрэцца, каб хто не пачуў яго тайную хаду злодзея. Але на начной вуліцы не было нікога, мусіць, вёска добра заснула. Толькі за сценамі бліжніх хлявоў часам уздыхалі-варушыліся сонныя каровы, ды раз у падворку на тым баку ціха стукнулі дзверы, - мусіць, нехта выходзіў па патрэбе. Ціхенька ступаючы па мяккай зямлі, Хведар мінуў знаёмую вуліцу і дайшоў да могілак.

   Як і заўжды, тут панавалі ціш і спакой, хвоі сумна гулі ўгары. Зблізку бялелі свежыя крыжы ля дарогі - два большых і некалькі нізенькіх, дзіцячых. Ён трохі пастаяў ля штыкетнічка-агароджы і, знайшоўшы праход, не без хвалявання ступіў у гэтае паселішча мёртвых. Ведаў, ад праходу трэба падняцца на пагорачак, дзе хавалі даўней і дзе ён памятаў кожную магілку. Ад вуліцы ж (трохі відаць было ў змроку) магілкі занялі ўсю нізінку, далёка выйшаўшы з-пад хваёвых шатаў. Гэтых ён не ведаў ніводнай. А там, на выспачцы, колькі ён памятаў, стаялі чорныя дубовыя крыжы Шулякоў - бацькі і трох сыноў, род якіх быў, можа, самы стары ў Нялолішчы. Расказвалі некалі, што гэты сямы першы Шуляк, прыйшоў сюды з літоўскай зямлі і быў знакаміты сілаю. Праз тую сілу ён спаткаўся і з маладзенькай дзяўчынкаю, пакаёўкаю тутэйшай паненкі, да бацькі якой чагось прыязджаў той літоўскі пан, кучарам у якога служыў Шуляк. Аднаго разу, як ён запрагаў коней у брычку, з-за рога стайні выскачыў панскі бык, раззлаваны чырвонаю спаднічкаю пакаёўкі, і прыезджы фурман паказаў сваю сілу, скруціўшы таму быку рогі. Мабыць, тады ён і паклаў вока на маладую служанку. Яе паненка, адзіная панская дачушка, відаць, так даражыла ёю, што ўгаварыла бацьку аддаць тры прыгонныя сям’і за аднаго кучара, каб толькі не разлучацца з пакаёўкаю. Затым, пажаніўшыся, яны доўга жылі ў маёнтку, нажылі шэсць сыноў, тры з каторых ужо другое стагоддзе ляжалі цяпер поруч з бацькам пад смалянымі камлямі таўшчэзных хвояў. А насупраць ад іх трошкі ніжэй высіўся металічны буданчык з прыгожымі чыгуннымі слупкамі, павітымі таксама чыгунным лісцем вінаграду. Там ляжала мармуровая пліта на магіле маладога пана-паручніка, які, дужа паранены на вайне з германцамі, сканаў у сваім маёнтку. Цяпер, вядома, нікога з паноў не засталося, занядбаная магілка абрасла пустазеллем, а ў паржавелым буданчыку часам поркаліся пастушкі ці вясковыя падшыванцы, хаваліся ад дажджу прахожыя. Па другі бок ад яе, між дзвюма сукаватымі хвоямі, быў невялічкі пляц іхняга роду Роўбаў - і дзяды, і яго, Хведара, старыя, малодшая сястра Тэкля, двое малых, што яшчэ перад вайной памерлі ад дыфтэрыту. Крайняй была магілка ягонага брата Пракопкі, годам маладзейшага за Хведара, добрага, ласкавага мужчыны, які так і не ажаніўся і нікога не пакінуў пасля сябе. Сканаў у васемнаццатым ад тыфусу, калі Хведар буў у германскім палоне. Так і не пабачыліся браткі аж з чатырнаццатага, як абодвух узялі на вайну. Было б добра і яму прымасціцца побач, месца было, калі што, можна б трохі пацясніць суседнюю магілу, мабыць, той не пакрыўдзіцца. Гэта было б проста здорава! Можа, не заўжды прызнаючыся сабе, ён найбольш за тым і імкнуўся сюды - за тысячу кіламетраў, праз пяць гадоў выгнання.